Віртуальная выстава «Акварэль - гэта маё жыццё». Да юбілею Фелікса Гумена

Фелікс Фёдаравіч Гумен - вядомы беларускі мастак-акварэліст.

Нарадзіўся 28 сакавіка 1941 года ў вёсцы Кальцова (Амурская вобласць, Расія).

У 1962 г. скончыў вучобу на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педагагічнага інстытута, дзе - першым у СССР - прадставіў дыпломны праект у тэхніцы акварэлі.

Выкладаў у школах Лёзненскага і Полацкага раёнаў. З 1965-га па 1974 г. - на мастацка-графічным факультэце ў Віцебскім педагагічным інстытуце. Мастак выхаваў цэлую плеяду віцебскіх акварэлістаў, і сёння ў яго мноства вучняў і паслядоўнікаў творчасці.

Фелікс Гумен з'яўляецца адным з заснавальнікаў віцебскай акварэльнай школы. З сярэдзіны 1960-х гг. і да сённяшняга дня мастаком напісаны тысячы акварэляў ў жанрах пейзажу, партрэта і нацюрморта.

Дзейнасць Фелікса Фёдаравіча Гумена адзначана Ганаровым знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, медалём "За заслугі ў выяўленчым мастацтве». Мастак з'яўляецца лаўрэатам прэміі творчай інтэлігенцыі «Сузор'е муз».

Творы Фелікса Фёдаравіча Гумена знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Віцебскім мастацкім музеі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя. П. В. Масленікава, Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку, Дырэкцыі мастацкіх выстаў Расіі, а таксама ў прыватных калекцыях Беларусі і замежных краінах.

«Акварэль - гэта маё жыццё». Юбілейная выстава Фелікса Гумена

Сёння мы прадстаўляем вам віртуальную выставу мастака і педагога Фелікса Фёдаравіча Гумена.

Выстава «Акварэль - гэта маё жыццё» падрыхтаваная да 80-гадовага юбілею майстра.

У фондах Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка захоўваецца 92 акварэльных твора аўтара, якія ахопліваюць даволі вялікі перыяд яго творчага шляху.

Экспазіцыя дазволіць прасачыць за тым, што цікавіла Фелікса Гумена, пачынаючы з канца 1960-х гадоў да сённяшніх дзён.

Дадзеная выстава пазнаёміць вас з яго паэтычнымі акварэлямі, якія валодаюць сваім характарам і энергіяй колеру, а таксама вы даведаецеся пра разнастайныя тэхнічныя прыёмы аўтара.