Абраз «Маці Божая Уладзімірская». ХІХ ст.






Уладзімірскі абраз Божай Маці з'яўляецца ўзорам іканаграфічнага тыпу «Элеуса» («Замілаванне»). Немаўля Хрыстос прытуліўся шчакой да схіленага твару Маці, абдымае Яе левай рукой за шыю. У гэтай чуллівай кампазіцыі заключана глыбокая багаслоўская ідэя: Багародзіца з'яўляецца сімвалам душы, якая знаходзіцца ў блізкай сувязі з Богам.
Паводле падання, патрыярх Лука Хрызаверг у пачатку XII ст. паслаў спецыяльна зроблены спіс з абраза, напісанага евангелістам Лукой пры жыцці Багародзіцы на дошцы стала, за якім чыніла трапезу Святое Сямейства, у дар вялікаму князю кіеўскаму Юрыю Далгарукаму. Сын Юрыя Далгарукага Андрэй Багалюбскі ў 1155 г., адпраўляючыся з поўдня Русі на поўнач для стварэння незалежнага ад Кіева ўладання, узяў з сабою абраз Божай Маці. Каля горада Уладзіміра коні, якія везлі абраз, нечакана сталі, і ўсе спробы прымусіць іх крануцца з месца былі беспаспяховыя. Падчас малітвы князю з'явілася Багародзіца і загадала пакінуць абраз ва Уладзіміры і заснаваць на гэтым месцы манастыр. З тых часоў абраз Божай Маці пачаў называцца Уладзімірскім.