Абраз «Маці Божая Жываносная крыніца». ХІХ ст.






Абраз «Маці Божая Жываносная крыніца» мае шматфігурную двух'ярусную кампазіцыю. У верхняй частцы паказаная Дзева Марыя з Немаўлём Хрыстом на руках, якая сядзіць на аблоках, па абодва бакі ад яе ўкленчаныя анёлы, у ніжняй частцы – чаша з вадой у акружэнні святых і пакутнікаў.
Гісторыя з’яўлення абраза звязана з легендай аб тым, што недалёка ад канстанцінопальскіх «Залатых варот» быў гай, асвечаны ў гонар Багародзіцы. У 450 г. малады воін-хрысціянін Леў Маркел сустрэў там стомленага сляпога, які згубіў дарогу. Леў адвёў сляпога ў цяністае месца і пайшоў шукаць ваду, каб даць падарожніку напіцца. Раптам ён пачуў голас Багародзіцы, якая паказала яму на крыніцу. Леў Маркел атрымаў наказ набраць з яе вады, каб напаіць сляпога, і ўзяць адтуль жа ціну і пакласці яму на вочы. Воін усё выканаў, і да сляпога тут жа вярнуўся зрок.
Праз сем гадоў пасля цудоўнай падзеі Леў Маркел узышоў на імператарскі трон. Па яго загаду воды крыніцы заключылі ў круг, абкладзены каменнем, а над ім ўзвялі храм у імя Прасвятой Багародзіцы.
Назва абраза таксама трактуецца як увасабленне самой Багародзіцы, Маці Хрыста, які дае жыццё, з'яўляецца яго крыніцай, пачаткам.