Абраз «Дабравесце Ганне». ХІХ ст.






Сюжэт абраза «Дабравесце Ганне» апавядае аб моманце адкрыцця Анёлам Ганне, маці Багародзіцы, весткі аб хуткім нараджэнні ў яе Дачкі па імені Марыя, Якая блаславіць ўвесь чалавечы род.
Святыя праведныя Іаакім і Ганна, бацька і маці Багародзіцы, да глыбокай старасці не мелі дзяцей. Муж і жонка горача маліліся аб дараванні ім дзіцяці. Аднойчы, убачыўшы сярод галін лаўровага дрэва гняздо з ледзь аперанымі птушанятамі, Ганна слёзна малілася аб дараванні ёй немаўляці, абяцаючы прынесці ў дар Богу народжанае дзіця. Як толькі святая Ганна вымавіла слова абяцання, Анёл абвясціў ёй аб выкананні малітвы. Узрадаваная Ганна паспяшалася ў Іерусалім, дзе каля Залатых варот, якія з'яўляюцца сімвалам беззаганнага зачацця, паведаміла Іаакіму шчаслівую навіну, і яны радасна абняліся. Царква называе Іаакіма і Ганну Богабацькамі, бо яны былі продкамі Ісуса Хрыста па плоці.