Абраз «Маці Божая Казанская». XVIII ст.






Казанскі абраз Маці Божай належыць да іканаграфічнага тыпа Адзігітрыя («Якая паказвае шлях»). Іканаграфічная схема Адзігітрыі: фігура Маці Божай прадстаўлена франтальна, аплечна, лёгкім нахілам галавы яна паказвае на Немаўля Хрыста, накіроўваючы вернікаў да Хрыста, бо Ён ёсць Шлях, Ісціна, Жыццё. Немаўля Хрыстос адной рукой бласлаўляе або Маці, або гледачоў, у другой руцэ Ён трымае скрутак.
Знаходжанне абраза Казанскай Божай Маці адбылося пасля страшнага пажару, які знішчыў палову Казані ў 1579 г. Дзесяцігадовай Матроне Анучынай з'явілася ў сне Багародзіца і паказала на месца, дзе знаходзіўся абраз. Як мяркуюць, гэты вобраз з'яўляецца спісам са старажытнага абраза, які быў напісаны самім евангелістам Лукой і захоўваўся ў Влахернскім храме Канстанцінопаля.