Абраз «Цуд Георгія аб змеі» – гэта яркі прыклад самабытнасці ўніяцкага культавага мастацтва. Абразы набываюць рысы сінтэтычнага мастацтва, дзе спалучаюцца жывапіс, разьба па дрэве або ляўкасу, чаканка. Культ Георгія прыйшоў з Візантыі. Георгій паходзіў з багатага шляхецкага роду, быў хрысціянінам. Падчас ганенняў на хрысціян ён адмовіўся ад высокага становішча і адстойваў сваю веру, за што зведаў мноства катаванняў і быў абезгалоўлены. Самым вядомым сюжэтам яго жыцця, што сімвалізуе перамогу хрысціянства над паганствам, з'яўляецца выратаванне дачкі цара ад прынясення яе ў ахвяру цмоку, які пасяліўся ў возеры непадалёк ад горада Ласіі ў Палесціне.
Чаканны, медны з пазалотай абклад для полацкага абраза выкананы ў XIX ст. і паўтарае жывапісную кампазіцыю абраза, толькі на шчыце Георгія намаляваны не крыж, а Усёбачнае Вока Гасподняе, што было характэрна для іканапісу XIX ст.