Абраз «Тройца старазапаветная». Сярэдзіна XVIII ст.






Вучэнне аб адзінай і непадзельнай Тройцы з'яўляецца галоўным дагматам хрысціянства. Сюжэт «Тройцы старазапаветнай» («Гасціннасць Аўраама») апісаны ў Старым запавеце.
На полацкай іконе ў цэнтры кампазіцыі намаляваны Гасподзь у выглядзе трох анёлаў, якія сядзяць за сталом з сімвалічным пачастункам пад Мамврыйскім дубам, які сімвалізуе дрэва жыцця, што было пасярод раю, і адначасова дрэва, на якім быў укрыжаваны Хрыстос. Адзінства і раўназначнасць трох асоб мастак адлюстраваў праз цалкам аднатыпны воблік анёлаў і іх адзення, а таксама размясціўшы іх амаль у адну лінію за сталом.На пярэднім плане справа намаляваны Аўраам, які стаіць ля стала на каленях. Уверсе з-за прыадчыненых дзвярэй асцярожна выглядае яго жонка Сара.
Абраз напісаны па золаце, алейнымі фарбамі. Полацкі абраз гарманічна спалучае ў сабе традыцыйны іканапіс з добрай акадэмічнай школай жывапісу.