Абраз «Святы Антоній Падуанскі». Сярэдзіна XVIII ст.






Антоній Падуанскі (1195–1231) – манах францысканец, хрысціянскі святы, заступнік горада Падуі. Святы валодаў аратарскімі здольнасцямі і вёў асветніцкую дзейнасць. Лічыцца заступнікам бедных і вандроўнікаў. Да святога Антонія звяртаюцца за дапамогай ў здабыцці страчаных каштоўнасцей. Мошчы святога з 1263 г. захоўваюцца ў базіліцы Св Антонія ў Падуі. Іканаграфічны вобраз Антонія Падуанскага склаўся не адразу. У самай ранняй іканаграфіі святы Антоній Падуанскі адлюстроўваўся ў поўны рост з кнігай у руках, часам замест кнігі ён трымае лілею – сімвал чысціні. Але дамінуючым матывам стала выява Антонія Падуанскага ў чорнай францысканскай расе, падперазаны вяроўкай, які трымае на руках Немаўля Ісуса. Побач, на століку, намаляваная закрытая кніга як сімвал вучонасці святога.