Абраз «Мікола Цудатворца». Першая палова XVIII ст.






Мікола Цудатворца (Мікалай Мірлікійскі) – адзін з найбольш шанаваных хрысціянскіх святых, заступнік гандлю, земляробства, абаронца бедных. На полацкім абразе святы намаляваны ў рост, з разгорнутым Евангеллем у левай руцэ і бласлаўляючай правай. У верхніх кутах іконы знаходзяцца паясныя выявы Хрыста з кнігай і Багародзіцы з амафорам (падабенства «шаліка» белага колеру з мальтыйскім крыжам), якія ўручаюць гэтыя атрыбуты сана біскупа Мікалаю. Тры залатыя шары на кнізе нагадваюць аб адным эпізодзе з жыцця святога Мікалая: ён таемна падклаў мяшэчкі з золатам у дом трох бедных дзяўчат-беспасажніц, якія мелі патрэбу ў дапамозе.
Полацкую ікону ажыўляе шматпланавая архітэктурная панарама з камяніцамі, вежамі, званіцамі, ратушай і храмам. Гэта выява горада Бары ў Італіі, дзе з 1087 г. захоўваюцца мошчы свяціцеля.