Полацкі абраз «Узнясенне Ісуса Хрыста» належыць да мастацтва так званага «нізавога барока», распаўсюджанага ва ўніяцкіх храмах у XVIII ст. Падчас рэстаўрацыі ў ніжнім левым полі быў адкрыты надпіс з указаннем даты стварэння і месца паходжання – «Ten obraz Wniebowstapienia Panskiego S. r. ... do cerkwi Ekimanskiej ... 1743» (Гэты вобраз узнясення Гасподняга ... для царквы Экіманьскай ... 1743).
Іканапісец адыходзіць ад выразнасці візантыйскай іканаграфіі і надае евангельскай падзеі рысы рэальнасці. Ён выкарыстоўвае выразную, але спрошчаную кампазіцыю, піша дэмакратычныя вобразы апосталаў, ужывае асаблівую прастадушную пластыку і прыглушаную колеравую гаму. Нябесную сферу ад зямной аддзяляе града аблокаў, на якой стаіць Ісус. Тонкая паласа блакітнага неба аддзяляе Ісуса ад апосталаў. Унізе абраза намалявана разгорнутае Евангелле, як сведчанне гістарычнай рэальнасці Ушэсця Хрыста.