Абраз «Стрэчанне». Сярэдзіна XVIII ст.






Сюжэт абраза «Стрэчанне» апавядае аб сустрэчы першасвятара Іерусалімскага храма Сімяона са Збаўцам Ісусам Хрыстом. Па традыцыі Старога запавету, на 40-ы дзень пасля Нараджэння Ісуса Хрыста Марыя павінна была прынесці немаўля ў Іерусалімскі храм. Дзеянне адбываецца ў храме: пад балдахінам ля арачнага ўвахода стаіць Сімяон ў двурогай мітры і вопратцы першасвятара і прымае немаўля Ісуса на пялёнцы з рук дамы ў малінавай сукенцы. За яе спіной стаіць маладая служанка і трымае кошык з дзвюма галубкамі – сімвалічнай ахвярай ачышчэння. За ёй намаляваны Іосіф і Марыя – маці Ісуса Хрыста. Іканапісец пры напісанні абраза, верагодна, як ўзор, выкарыстаў заходнееўрапейскую гравюру з дадзеным сюжэтам, але пабудаваў самастойную кампазіцыю і ўзбагаціў яе дробнымі, рэалістычна прапісанымі дэталямі.
Абраз «Стрэчанне» паступіў з Георгіеўскай царквы ў в. Экімань, каля Полацка, і адносіцца да мясцовай школы іканапісу.