Абраз «Святыя Канстанцін і Алена». XII ст.






Абраз «Святыя Канстанцін і Алена» быў знойдзены археолагамі ў 1967 г. падчас правядзення археалагічных раскопак ля Сафійскага сабора ў Полацку. На абразе – рымскі імператар Канстанцін Вялікі (272–337) і яго маці Алена. Святы роўнаапостальны Канстанцін – рымскі імператар, дзякуючы якому хрысціянства стала пануючай рэлігіяй у дзяржаве. Яго маці Алена за сваю дзейнасць па распаўсюджванні хрысціянства кананізавана ў ліку роўнаапостальнай.
Глыбока шануючы Крыж Гасподні, імператар пажадаў знайсці Жыватворны Крыж, на якім быў укрыжаваны Ісус Хрыстос. Для гэтай мэты ён накіраваў у Іерусалім сваю маці – царыцу Алену, даўшы ёй вялікія паўнамоцтвы і матэрыяльныя сродкі. Святой Аленай, разам з іерусалімскім Патрыярхам Макарыем, на гары Галгофа з зямлі быў выняты Жыватворны Крыж. Так ў 326 г. Крыж быў цудоўным чынам здабыты для хрысціянскага свету.