
18 чэрвеня ў Мастацкай галерэі г. Полацка пачала працаваць выстава «Суровы стыль» з музейнага збору Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Прадстаўленыя ў экспазіцыі музея творы знаёмяць наведвальнікаў з адметным накірункам у выяўленчым мастацтве савецкага часу — «суровым стылем».
У жывапісе 1950-1960-х гг. працягвалі развівацца гісторыка-рэвалюцыйная і ваенна-патрыятычная тэмы. Мастакі звярталіся і да сучаснасці.
Манапалізм сацрэалізму некалькі пахіснуўся пасля смерці І. Сталіна ў 1953 годзе і асабліва ў час «хрушчоўскай адлігі», калі назіралася нязначнае адраджэнне нацыянальнага мастацтва. Абноўленая версія савецкага мастацтва атрымала ў крытыцы назву «суровы стыль». Мастакі перш за ўсё абапіраліся не на ідэалагічны падмурак, а шукалі ў сваёй творчасці суадносіны чалавека і рэчаў.
На выставе «Суровы стыль» прадстаўлены 27 работ з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Гэта творы В. Кубарава, І. Стасевіча, І. Карасёва, М. Міхайлава і іншых. Сярод іх і работа народнага мастака Беларусі Віталя Цвіркі. Ён, пішучы свае творы, быццам «складаў» краявіды. Часта перарабляў змешчаны перад вачыма канкрэтны краявід, дадаючы дэталі, каб больш поўна і глыбока перадаць стан прыроды.
У экспазіцыі таксама прадстаўлены 16 работ праўнучкі беларускага мастака Івана Хруцкага – Ядзвігі Мацееўскай. Напісаныя ў 1950-я – 1990-я гг. эцюды адлюстроўваюць багацце прыроды, яе дынамічнасць і яркасць.
Запрашаем наведаць выставу, якая будзе дзейнічаць да 6 ліпеня 2025 года!