
У Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы жывапісу віцебскага мастака Васіля Васільева «Иерусалим. Зной и холод Вечного города», на якой гледачам былі прадстаўлены 14 палотнаў, прысвечаныя вечнай тэме новазапаветных сюжэтаў.
На адкрыцці выставы Васіль Васільеў падзяліўся гісторыяй узнікнення біблейскіх тэм у сваіх працах, якая пачалася яшчэ на чацвёртым курсе Беларускай акадэміі мастацтваў. Тады перад мастаком стаяла задача стварэння пераддыпломнай працы для архітэктурна-мастацкага праекта «Павільён дзён», які быў прысвечаны старазапаветным сцэнам — «першым дням стварэння».
Мастак вярнуўся да гэтай тэмы, калі, гуляючы са сваёй дачкой, прапанаваў ёй адлюстраваць сцэну Вербнай нядзелі. Затым яны звярнуліся да астатніх дзён па сюжэтах і падзеях Страснога тыдня. Як патлумачыў В. Васільеў: «Першым эскізам быў «Уваход Гасподні ў Іерусалім», а далей — амаль кожны дзень па эскізе ў адпаведнасці з падзеямі Вялікага тыдня да «Уваскрэсення Хрыстова»».
Рэалізаваць ідэю і ўвасобіць сюжэты, створаныя па эскізах на палотнах, ён змог, калі яму паступіла прапанова на арганізацыю персанальнай выставы ад Музея Марка Шагала ў Віцебску. Серыя работ, якая некалькі разоў экспанавалася ў музеях Беларусі, прывезена ў горад Полацк. З ім аўтара звязваюць цёплыя ўспаміны, бо менавіта ў гэтым горадзе на працягу 80-х гадоў ХХ ст. ён жыў і працаваў, быў членам творчага аб'яднання «4-63» .
На адкрыцці выставы Васіль Васільеў гаварыў пра любоў да Полацка і падзякаваў супрацоўнікам Мастацкай галерэі за цёплы прыём.
Запрашаем вас на выставу, якая працягнецца да 26 мая 2025 года.