Адкрываецца рэспубліканская мастацкая выстава-конкурс «Viva Kola Art. Выбранае»

Рэспубліканская мастацкая выстава-конкурс «Viva Kola Art. Выбранае» адкрываецца ў Мастацкай галерэі г. Полацка 31 студзеня 2025 года ў 16.00.

«Viva Kola Art» — своеасаблівая спроба сінтэзу беларускага спорту і нацыянальнага выяўленчага мастацтва. Гэты знакавы і перспектыўны праект з'явіўся і ярка заявіў пра сябе яшчэ ў 2023 годзе дзякуючы Беларускай федэрацыі веласіпеднага спорту, Беларускаму саюзу мастакоў і веласіпеднаму клубу «Мінск». У 2024 годзе, акрамя веласпорту, да праекта далучыліся і іншыя віды: хакей, біятлон, гімнастыка, тэніс, лыжныя гонкі. А таксама Нацыянальны алімпійскі камітэт з энтузіязмам аднёсся да ідэі адраджэння алімпійскага партрэта.

Маштабная ідэя, прысвечаная філасофскаму «колу жыцця», не пакінула абыякавымі розныя пакаленні мастакоў і спартсменаў, прадстаўнікоў розных стыляў і кірункаў мастацтва. Такім чынам узнік унікальны ў сваім родзе праект «Viva Kola Art», які дазваляе зірнуць на веласпорт вачыма мастакоў, а на мастацтва — вачыма спартсменаў. Пагадзіцеся, ідэя досыць смелая? Але ж і веласіпедны спорт — занятак не для слабых людзей. Праект «Viva Kola Art» не толькі пра веласпорт і ровары. Ён пра «кола жыцця». Пакуль яно круціцца, мы дыхаем, творым, натхняемся, ствараем шэдэўры, перамагаем!

Беларускія мастакі, якія працуюць у розных стылях і кірунках мастацтва, на працягу некалькіх месяцаў стваралі творы на тэмы: «кола» , ровара, веласіпеднага спорту, а таксама здаровага ладу жыцця. Наведвальнікі галерэі змогуць убачыць лепшыя работы Рэспубліканскай мастацкай выставы-конкурсу «Viva Kola Art 2024», а таксама працы некаторых яго пераможцаў.

Выстава будзе працаваць да 4 сакавіка 2025 года.

433