Работа Ціханава Івана «Вызваленне Полацка» на выставе адной карціны ў рамках праекта «Ніколі не забудзем»

Серыю палоцен праекта «Ніколі не забудзем» працягвае работа Івана Ціханавіча Ціханава «Вызваленне Полацка», створаная аўтарам у 1986—1987 гг.

Іван Ціханавіч нарадзіўся ў горадзе Галіч Арлоўскай вобласці ў 1922 г., аднак яго жыццёвы і творчы лёс трывала звязаны з Беларуссю. Менавіта тут мастак атрымаў прафесійную адукацыю ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. Таксама тут у 1983 г. яму было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР», а яшчэ з 1964 г. ён стаў членам саюза мастакоў Беларусі. Працаваў Ціханаў у розных жанрах станковага жывапісу і ў манументальна-дэкаратыўным мастацтве. Значнае месца ў творчасці мастака займае ваенна-гістарычная тэма.

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны І.Ціханаў стаў курсантам Арлоўскага пяхотнага вучылішча. Пра баявы шлях салдата коратка, але ёмка сведчаць яго ўзнагароды: медалі «За абарону Масквы», «За ўзяцце Кёнінгсберга», «За перамогу над Германіяй», «За перамогу над Японіяй», ордэн «Чырвонай Зоркі» і два медалі «За баявыя заслугі».

Жывапіснае палатно «Вызваленне Полацка» — адна з самых эмацыянальных работ аўтара, прысвечаная подзвігу савецкіх салдат (гвардзейцаў 158-га стралковага палка), якія аддалі жыццё за вызваленне горада Полацка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На палатне паказаны гераічны момант, калі група салдат у колькасці 23-х чалавек 3 ліпеня 1944 г. прарвалася праз аблогу ворага да адзінай пераправы праз Заходнюю Дзвіну. Аўтар стварае шырокую сцэну бою, дзе на першым плане паўстаюць героі, а з адваротнага боку знаходзіцца праціўнік на фоне ахопленага дымам і полымем горада Полацка. Колеравая гама пабудавана на суадносінах чырвонага і зялёнага колераў, что падкрэслівае напружаны момант барацьбы, вынік якой пакуль не зразумелы. Байцы ўтрымлівалі такую важную для перамогі пераправу, адбіваючыся ад ворагаў, да падыходу асноўных савецкіх войск. Полацк быў вызвалены 4 ліпеня 1944 г. Памяць пра загінуўшых салдат-вызваліцеляў Полацка ўвекавечыў помнік «23 гвардзейцам» на беразе Дзвіны. Аўтар помніка — Л.Р. Аганаў.

497