Адкрылася выстава «Квітнеючыя сусветы Марыі Ісаёнак»

29 кастрычніка адбылося адкрыццё выставы «Квітнеючыя сусветы Марыі Ісаёнак».
У экспазіцыі Мастацкай галерэі прадстаўлены 29 твораў жывапісу мастачкі Марыі Іванаўны Ісаёнак. Жывапісныя творы мастачкі, выкананыя ў жанры пейзажу і нацюрморта, напоўненыя сонечным святлом, спалучэннем мяккіх цёплых адценняў не пакінулі абыякавымі нікога з наведвальнікаў галерэі, далі магчымасць ўбачыць Квітнеючыя сусветы мастачкі.
Атрымаць асалоду ад творчасці мастачкі і павіншаваць яе з адкрыццём персанальнай выставы прыехалі мастацтвазнаўца Таццяна Маркавец-Гаранская, музыка, калекцыянер сучаснага мастацтва Андрэй Плясанаў, сяброўка Марыі Іванаўны, мастачка Людміла Камаева,а таксама сябры з Расеі.
Прапануем аматарам мастацтва пазнаёміцца з артыкулам мастацтвазнаўцы Таццяны Маркавец-Гаранскай, напісаную аб жыццёвым і творчым шляху Марыі Іванаўны Ісаёнак:
"Квітнеючыя сусветы Марыі Ісаёнак
Яна ўвайшла ў беларускае мастацтва ў часы панавання "суровага стылю" і на яго тле здолела прыцягнуць увагу да сваіх карцін – ціхіх і пранікнёных. У чым жа таямніца "неспадзяванага" поспеху палотнаў нядаўняй выпускніцы Мінскага мастацкага вучылішча родам з вёсачкі Кісялі, што ў Віцебскай вобласці? Праз гады стала зразумелым: Марыя Ісаёнак стварыла сціплую, але пераканаўчую альтэрнатыву актуальным у 1970-х маштабным тэмам і выявам афіцыйнага мастацтва. У яго кантэксце жывапіс Марыі ўспрынялі прадвесцем сыходу эпохі дэкларацый і прышэсця ў жывапіс індывідуальных пачуццяў і інтанацый.
Кветкі: інтрыга колеру і святла
Творчасці М. Ісаёнак уласцівы пафас і веліч кветак. У розных варыяцыях гучаць у ёй матывы-прысвячэнні то рахманай палявой рамонцы, то чароўным вобразам садовых суквеццяў. Мастачку вабіць загадкавасць натуральных, а часам нечаканых спалучэнняў… У кожным з іх індывідуальная колеравая гармонія, інтанацыйная асаблівасць, падказаныя настроем пражытага дня або ўражаннем ад убачанага: вялікую частку года Марыя і яе муж, беларускі жывапісец Мікалай Ісаёнак, жывуць на лецішчы ў Чарневічах пад Барысавам, у асяродку жывой прыроды, з якой нястомна чэрпаюць вобразы сваіх твораў.
У жывапісных кампазіцыях Марыі ў прасторы адной карціны нярэдка суіснуюць некалькі букетаў, падпарадкаваных адзінай мелодыцы і рытму. Часам яны нагадваюць своеасаблівыя, ледзь не з матэматычнай дакладнасцю вывераныя рэбусы-шарады. І гэта неспасціжным чынам узмацняе чароўнасць карцін і прывабнасць колеравай інтрыгі, дзе правіць "баль" гульня святла і ценю. Нягледзячы на далікатнасць і лагоднасць, кветкі ў карцінах М. Ісаёнак дзівяць веліччу і манументальнасцю з'яваў касмаганічнага характару. Іх вобразы напоўненыя вібрацыямі глыбокіх чалавечых пачуццяў і філасафічнасцю разваг пра сэнс жыцця.
Нацюрморт: каларыстычная феерыя
Складана выявіць мяжу, здатную аддзяліць у жывапісе інтрыгу кветкавай філасофіі ад уласна прадметнага нацюрморта. Феерыя кветкавых кампазіцый Марыі Ісаёнак, безумоўна, дамінуе ў яе палотнах, але нярэдка дапаўняецца шэрагам прадметаў, раслін, садавіны і гародніны («Ультрамарынавыя вазы", 2002; "Нацюрморт сонечны", 2001; "Колер восені", 2006; "Чырвоныя лілеі", 2004; "Кветкі на стале", 2009). Часам інтрыга кампазіцыі ўзмацняецца хаатычна раскіданай побач з кветкамі садавінай і ягадамі ("Восеньскія грушы", 2010; "Чырвонае віно і кветкі", 2004; "Кветкі і вішні", 2001). Нярэдка Марыя звяртаецца да ўскладнення арганізацыі вобразнай сістэмы жывапіснага поля твора ("Радасць быцця", 1999; "Касачы", 2007; "Супраць святла", 2004; "Касачы", 2006; "Восеньскія грушы", 2010; "Кветкі на стале", 2009), калі на першым плане – поліфанія інтанацыйных сугуччаў.
Асобную нішу ў творчасці Марыі Ісаёнак займае чыста прадметны нацюрморт, дзе ўпадабаныя ёю кветкавыя матывы саступаюць "п'едэстал пашаны" брутальнай выразнасці прадметнага раду, вытокі якой бачныя ў далёкіх 1970-х – калі мастакоў пагалоўна зацягвала ў поле творчых тэндэнцый "суровага стылю". Нацюрморты Ісаёнак тых часоў – "Зялёная бутэлька і яблыкі" (1973), "Майстэрня" (1978), "Непрыбраны стол" (1978) і шэраг іншых – не выключэнне. На пераломе эпох у мастачкі праяўляецца новае адчуванне прадметнага нацюрморта. У ім яшчэ прысутнічае прыцягненне прыярытэтаў юнацтва, але ў жывапісе новага часу яно ўжо эпізадычна дае аб сабе ведаць, зрэдку выяўляючыся праз асобасны сентымент да выявы швейнай машынкі "Zinger", асацыяваны з настальгічнымі ўспамінамі пра маці і пасляваеннае дзяцінства. Часта гэта яшчэ не чыста нацюрморт, а кампазіцыя, у якой ён паралельны вобразу пажылой жанчыны – "Інтэр'ер" (2003), "Жанчына ля акна" (2003) і іншыя – яны асабліва пранікнёныя кранальнасцю пачуццяў. Далей, ужо ў чыста нацюрморце, гістарычная швейная рэтра-машынка намінуецца як патаемны знак або ключ да разумення настрою складанакампазіцыйнай, шматпрадметнай карціны. І ўсё ж ёсць нацюрморты, дзе "цуд-Zinger" мастачка вылучае на першы план, паказваючы гледачу яе прыналежнасць да патаемным пластоў духоўнасці ўласнага жыцця – "Інтэр”ер з машынкай" (2002), "Zinger" (2004). Далей позірк на свет прадметаў Марыя будуе ўпэўнена і шырока. У параўнанні з кветкавымі кампазіцыямі мы назіраем ускладненне пачуццёвай дынамікі – "Керамічныя вазы" (2001), "Акно" (2003), "Кавун" (2003), "Сум пакінутых ваз" (2005), "Нацюрморт з гладышоў" (2006) – тут закрануты глыбокія, часам драматычныя пласты светапачування, дзе больш праўды, чым ілюзій. Палотны адрознівае выразнасць ракурсаў-пасылаў у інтэлектуальнае поле соцыуму.
Усё часцей у прадметным шэрагу нацюрмортаў мастачкі на першы план у якасці арт-аб'екта вылучаецца кніга – "Нацюрморт з кнігай" (2004), "Супраць святла" (2006), "Стол на верандзе" (2005), "Нацюрморт з кнігай. Picasso" (2005). Яе вобраз узбагачае нацюрморт як пасыл аўтара ў сферу асабістых прыярытэтаў, у дадзеным выпадку – да захаплення мастацтвам імпрэсіяністаў.
Інтэр'ер з фігурай: тэма жаночага пачатку
Інтэр'ерныя кампазіцыі мастачкі амаль заўсёды адзначаны прысутнасцю жаночага вобраза. Ім характэрны культ гармоніі і ўтульнасці жытла чалавека, узмоцненыя энергіяй і цяплом жаночага рукадзелля. У адной з ранніх карцін – "Жанчына з дзіцем" (1983) – буйным планам бачым маладую маці з немаўлём на руках. Канапа, на якой яна сядзіць, посцілка ручной работы "ў шашачкі" – вось і ўвесь антураж. Але разам з праўдай характару і перадачай пачуццёвага свету тут прысутнічае этнічная характарыстыка гераіні. Марыя Ісаёнак напісала дзясяткі жывапісных палотнаў, у якіх вобраз жанчыны ёсць значны аб'ект яе творчых пошукаў. І ўвасабляе яго мастачка беражліва, глыбока прадумана і далікатна, злітным з усім наборам складнікаў інтэр'ера. Таму і гераіня тут – сугучны элемент "тканага душой і сэрцам" жывапіснага дывана карціны. У шэрагу такіх карціна "Мама" (1979), дзе жанчыну мы традыцыйна назіраем на канапе, яна сядзіць і трымае ў руках посцілку "ў шашачкі" (вобраз ужо сакралізаваны) разам з вязальным кручком і клубком нітак. Вонкава сціплы, але працяты мелодыкай жывапісу вобраз увабраў у сябе моц і веліч архетыпу прадстаўленняў чалавека аб прыярытэтах соцыуму. Узбагачае серыю карцін мастачкі пад умоўнай назвай "Інтэр'ер з фігурай" вобраз аголенай натуры. На розных этапах творчасці па-рознаму ўвасабляе яго аўтарка: на знаёмай па многіх карцінах вязанай посцілцы "у шашачкі" – "Аголеная" (1992) і "Аголеная" (2006), у інтэр'еры – "Аголеная на кушэтцы" (1992), у натуральным прыродным асяродку – "Аголеная" (2003). Ва ўсіх выпадках гэта высокапаэтычныя вобразы, сярод якіх асаблівае месца належыць карціне "Поле" (2003), што ўвасобіла ў сабе ідэю, можна сказаць харызму, жывапісу Марыі Ісаёнак: аголеная прыгажосць жаночага цела і душы адзіныя як частка адзінай гармоніі прыроды.

Пейзаж як інтымны свет прыгажосці
Прырода ў карцінах мастачкі то захапляе інтанацыямі велічы ("Белая прастора чалавечых вобразаў, 1998), то дзівіць архаічнай адкрытасцю ("Віцебшчына", 1997; "Свежы вецер", 1998), іншы раз узрушвае безабароннасцю ("Сакавік", 1998) і зачараванасцю ("Беглыя аблокі", 1997; "Вада, што прагне прахалоды", 1996). У пейзажных творах М. Ісаёнак увасоблены яе эмацыянальны статус, што надае расліннаму свету гэтых карцін падабенства чалавечых адносін, выяўленых праз рытмы, рухі і пачуццёвую прыгажосць. Творчасць Марыі не пакідае сумніву ў тым, што свет прыроды быў і назаўсёды застанецца першай і самай вялікай любоўю ў яе жыцці і мастацтве.
Асобнае месца належыць тэме сядзібнага краявіду. У Чарневічах пара Ісаёнкаў стварыла ўласны сусвет квітнеючых раслінаў – важнай і, здаецца, неад'емнай часткі іх жыццёвай прасторы. Таму ў вобразнасці карцін гэтай тэматыкі столькі цяпла і пяшчоты да вясковага доміка, што становіцца прытулкам-сховішчам сям'і ў летні час ("Сонечны дзень", 2001), да садовых кустоў, дрэў і кветак ("Вечар у Чарневічах", 2000; "Сыход лета", 2008; "Летні дворык", 2008 і "Лета скончылася", 2001). Гэта велізарны і шматстайны, увасоблены ў дзясятках карцін свет зачаравання.
Цяпер Марыя Ісаёнак – прызнаны творца, на яе рахунку дзясяткі выстаў у нашай краіне і за яе межамі, а творчасць атрымала шырокае прызнанне. Яе карціны знаходзяцца ў сталай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і ў іншых калекцыях і зборах. Сістэма вобразаў яе палотнаў сёння бліжэй да канцэптуальнасці і эмацыянальнай выразнасці – у іх, як і раней, прыкметны імпульс актуальнасці часу. Жывапіс Марыі – гэта складаны, мнагапластавы і шматгранны свет пачуццёвага чалавека з філасофскім светаадчуваннем".

Выстава працуе да 25 лістапада.
Набыць каталог прац мастачкі можна ў Мастацкім салоне.
Чакаем Вас па адрасе: вул. Стралецкая, 4а-4, з 10.00 да 17.00 акрамя панядзелка.
Даведкі па тэлефоне: 8(0214) 42-36-32

555