Сяргей Аляксандравіч Цімохаў нарадзіўся ў 1960 г. у вёсцы Кротаў Гомельскай вобласці. У 1979г. скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, у 1984 – Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.
З 1986 па 1998 гг жыў у Полацку. Працаваў галоўным мастаком горада, быў дырэктарам першай у Полацку прыватнай мастацкай галерэі «Рыса». З 1999 г. жыў і працаваў у Мінску, з 2007 г. быў намеснікам старшыні Беларускага саюза мастакоў.
Сяргей Аляксандравіч з'яўляўся Членам Беларускага саюза мастакоў, лаўрэатам 2-га міжнароднага Шагалаўскага пленэра (1997), удастоены Гран-пры 7-га міжнароднага біенале ілюстрацыі «Золотое перо Белграда » (2003).
Яго творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (Мінск), Музеі сучаснага мастацтва Беларусі (Мінск), Мастацкім фондзе Міністэрства культуры Расіі (Масква), Музеі М. Шагала (Віцебск), Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку, мастацкай галерэі Г. Х. Вашчанка (г. Гомель), галерэі «Galeria sztuki Katarzyny Napiorkowskej» (Варшава), галерэі «Walentowski Galerien» (Дрэздэн), у многіх прыватных калекцыях.
Сяргей Аляксандравіч Цімохаў сваім талентам унёс значны уклад у сучаснае мастацтва Беларусі.
Калектыў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім, усім, хто ведаў Сяргея Цімохава, любіў і цаніў яго творчасць.