Эфеская ікона Багародзіцы

У любым горадзе, гісторыя якога налічвае шмат стагоддзяў, знойдуцца “ніткі”, якія злучаюць мінулае з сучаснасцю. Яны цягнуцца з самых глыбінь гісторыі, звязваючы падзеі, якія адбыліся некалі, з лёсамі і жыццём сучасных людзей. У якасці такога звяна можа выступаць як мініяцюрная археалагічная знаходка, так і манументальнае архітэктурнае збудаванне. Для старажытнага Полацка, горада, які страціў шмат пісьмовых крыніц пра жыццё ў мінулым, кожны з такіх артэфактаў ўяўляе вялікую каштоўнасць. Многія з іх яшчэ чакаюць свайго часу ў нетрах Полацкай зямлі, але тыя, што мы маем сёння, нязменна актуальныя для вывучэння. Захаваннем, вывучэннем і папулярызацыяй нашай культурнай спадчыны займаюцца музеі.

Багатыя веды аб мінулым і сучаснасці сабрала ў сваіх сценах Мастацкая галерэя, размешчаная ў адным з карпусоў былога езуіцкага калегіума, будынкі якога з'яўляюцца помнікам архітэктуры XVIII ст. Сярод раздзелаў пастаяннай экспазіцыі галерэі - стацыянарная выстава «Сценапіс Спаса-Праабражэнскага храма XII-XIX стст.», на якой прадстаўлены каштоўны матэрыял па мастацкай культуры Полацка. Арганізаваць такую выставу стала магчыма дзякуючы рэстаўрацыйнай рабоце па раскрыцці унікальных фрэскавых роспісаў XII ст., што праводзяцца ў старажытным Спаскім храме. Знаёмячыся з экспазіцыяй выставы, можна акунуцца ў часы даўно мінулых дзён: даведацца пра каменнае дойлідства ў Полацку, пра жыццё і дзейнасць святой Еўфрасінні, пра збудаваны па яе ініцыятыве храм і гісторыі яго роспісаў. Тут можна бачыць вынікі шматгадовай рэстаўрацыйнай працы - адслаенне са сцен храма роспісу XIX ст., выкананага ў тэхніцы алейнага жывапісу.

У экспазіцыю выставы уключаны і спіс з старажытнай Эфескай іконы Багародзіцы, напісаны ў 2013 г. у іканапіснай майстэрні сёстрамі Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра для экспазіцыі Мастацкай галерэі. 22 кастрычніка адзначаецца дзень памяці гэтага абраза, які мае непасрэднае дачыненне да гісторыі Полацкай зямлі, таму хочацца надаць яго гісторыі больш увагі.

Гэты спіс звяртае нашу ўвагу да даўняй гісторыі яго падарожжа з старажытнага грэцкага горада ў Полацкую зямлю. Гісторыя гаворыць, што так званы Эфескі абраз Маці Божай напісаў апостал і евангеліст Лука. Еўфрасіння, жадаючы атрымаць для Полацка спіс з такой святой рэліквіі, звярнулася да візантыйскага імператара Мануіла Комніна з просьбай даслаць спіс з старажытнай іконы. Імператар задаволіў гэта прашэнне і адправіў абраз у суправаджэнні 700 ваяроў у Полацк. Менш стагоддзя Эфеская абраз знаходзіўся ў полацкай зямлі. У 1239 г. абраз перанеслі ў Багародзіцкі сабор горада Тарапца з нагоды шлюбу полацкай князёўны Аляксандры і князя Аляксандра Яраславіча, празванага Неўскім. Тут ікона знаходзілася шматлікія стагоддзі. З 1936 па 2009 г. абраз знаходзіўся ў Рускім музеі. У дадзены момант ён па-ранейшаму з'яўляецца здабыткам музея, але экспануецца ў храме Святога Аляксандра Неўскага ў пасёлку Княжае Возера Маскоўскай вобласці.

Сёння ў полацкім манастыры можна ўбачыць два спісу з Эфескай іконы. Адзін з іх быў напісаны ў XVI ст. і мае даўнюю гісторыю. Захаваліся звесткі аб тым, што гэты спіс захоўваўся некаторы час там жа, дзе і арыгінал, у Тарапцы, а ў ваенныя гады - у адной з прыхажанак. Іншы спіс быў напісаны ў 1992 годзе да юбілею 1000-годдзя Полацкай епархіі пецярбургскім іканапісцам Н. Г. Багданавым.

На Эфескай іконе Багародзіца паказвае на немаўля Ісуса, якога трымае на руках. Такі канон ў іканаграфіі Божай Маці называецца «Адзігітрыя», што з грэцкай мовы перакладаецца як «Пуцевадзіцельніца». Погляд Багародзіцы, у якім строгасць спалучаецца з мяккасцю, закліканы быў суцяшаць, весці да пазнання сябе і настаўляць на духоўную сьцежку.

У Мастацкай галерэі прадстаўлены і іншыя вядомыя іканаграфічныя тыпы выявы Маці Божай, да прыкладу, «Замілаванне», «Багародзіца, якая моліцца». У кожнага прадмета, які знайшоў месца ў экспазіцыі, маецца свая гісторыя паходжання і бытавання, характэрныя рысы і адметныя асаблівасці. Азнаёміцца з шырокай іканаграфіяй Багародзіцы можна, наведаўшы раздзел пастаяннай экспазіцыі галерэі, прысвечаны іканапісу XVIII-XIX стст.