Плінфа XII ст. з выявай фрагмента плана храма

«Чарцяжоў 12 стагоддзя ніколі яшчэ ніхто не бачыў. Самыя раннія з вядомых на сёння сярэднявечных чарцяжоў адносяцца да канца 13 стагоддзя, нават візантыйскіх чарцяжоў не захавалася, ёсць толькі апісанні »- так ахарактарызаваў сенсацыйную знаходку старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага Эрмітажа (Санкт-Пецярбург, Расія) Яўген Торшын.

Сёння гэты ўнікальны экспанат можна ўбачыць у Полацку, у экспазіцыі Мастацкай галерэі. У 2017 годзе ў ходзе раскопак храма-пахавальні канца XI- пачатку XII стст., была знойдзена частка плінфы (цэглы) з выявай фрагмента плана храма. Выява была выканана вострым пісалам па сырой гліне ў ходзе работ па ўзвядзенню храма, пасля чаго плінфу апрацавалі ў печы. На знойдзенай плінфе з захаваннем прапорцый будынка і прамалёўкай дробных дэталяў навукоўцы выявілі малюнак ўсходняй, алтарнай частцы гэтай пабудовы. «На гэтай плінфе мы якраз бачым тую частку збудавання, якую было немагчыма вывучыць з дапамогай раскопак, магчыма, яна была знішчана больш познімі перакопамі» - распавядае ў сваім інтэрв'ю Яўген Мікалаевіч Торшын. У прыватнасці, на тэрыторыі Беларусі першыя чарцяжы датуюць XVI стагоддзем.

Сенсацыйны экспанат выстаўлены ў раздзеле стацыянарнай выставы «Сценапіс XII-XIX стст. Спаса-Праабражэнскага храма ў Полацку », якая адкрыта для наведвання з 2014 года. Стварэнне такой выставы стала магчымым дзякуючы рэстаўрацыйным работам па раскрыцці фрэскавага жывапісу XII стагоддзя, якія, пачынаючы з 2007 года праводзяцца ў Спаса-Праабражэнскім храме. Яны дазволілі адкрыць фрэскі XII ст. і захаваць два пласта алейнага жывапісу - 1837 і 1885 гг. У экспазіцыі можна даведацца аб гэтай унікальнай тэхніцы расслаення жывапісных слаёў, распрацаванай маскоўскімі спецыялістамі пад кіраўніцтвам У.Д.Сараб’янава, пазнаёміцца з манументальным роспісам храма XIX стагоддзя, а таксама атрымаць інфармацыю аб усіх сюжэтах, якія ўваходзяць у праграму роспіса Спаскага храма.

Выстава знаёміць з гісторыяй полацкага дойлідства XI-XII стст., з часам яго росквіту. З 11 храмаў, якія існавалі ў тыя часы, да нашых дзён захаваўся толькі адзін - Спаскі храм Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, пабудаваны святой Еўфрасінняй Полацкай.

Ужо на працягу пяці гадоў выстава прымае наведвальнікаў, аднак даследчая праца музейшчыкаў па дадзенай тэме не стаіць на месцы і экспазіцыя дапаўняецца новымі экспанатамі. Так, з нядаўняга часу ў экспазіцыі можна ўбачыць графічную рэканструкцыю дзверы Спаскага храма, выкананую рэстаўратарам У.У.Ракіцкім, - якой яна магла быць у XII стагоддзі, а таксама малюнак віслай пячаткі Еўфрасінні Полацкай, знойдзенай ля сцен царквы падчас археалагічных работ у 2017 годзе. Полацкая зямля і полацкі Спаскі храм захоўваюць у сабе яшчэ шмат адкрыццяў, і пазнаёміцца з імі можна, наведаўшы наш горад.