Генадзь Шутаў нарадзіўся 18 ліпеня 1939 г. у г. Запарожжы. Скончыў Віцебскае мастацка-графічнае педвучылішча (1959). Маскоўскі паліграфічны інстытут (1967). Старшыня праўлення Віцебскай абласной арганізацыі Саюза мастакоў БССР (1976 – 1986). Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» (1986). Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь (1996). Лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за значны ўклад у развіццё сучаснага выяўленчага мастацтва і стварэнне ўнікальных нацюрмортаў (2012).
На пачатку творчага шляху мастака ў першую чаргу вабіла хараство навакольнага свету, гарадскія краявіды, помнікі архітэктуры, сюжэты савецкай рэчаіснасці. У гэты перыяд складваліся і галоўныя прынцыпы яго творчасці – пастаянны пошук і эксперыментатарства. Іх развіццю ў значнай ступені садзейнічаў удзел у рабоце Усесаюзнага акварэльнага выставачнага камітэта і паездкі ў складзе спецыялізаваных творчых груп у розныя рэгіёны Савецкага Саюза, брацкія сацыялістычныя краіны. Неадольная цяга да спазнання прыгажосці далёкіх і блізкіх мясцін спрыялі стварэнню дзіўных серый акварэляў – «Алтай», «Ленінград», «Мурманск», «Уфа», «Масква» і інш.
«Вызначальным этапам у станаўленні ўласнай манеры пісьма сталі падарожжы па Сярэдняй Азіі на пачатку 1980-х, – адзначае мастацтвазнаўца Людміла Вакар. – Гэтыя серыі акварэляў поўняцца арыенталісцкімі матывамі, а асноўныя сродкі выразнасці – няяркая, высветленая колеравая палітра і імпрэсіяністычная гульня рэфлексаў».
Серыя акварэляў з відамі гарадоў і мястэчак Беларусі 1990-х напісана ў блізкай манеры. Архітэктурныя помнікі быццам хаваюцца ў заслоне туману, які надае краявіду ўражанне прывіднасці.
Найбольшую вядомасць Генадзю Шутаву прынеслі выкананыя дробнымі мазкамі нацюрморты, якія адрозніваюцца завершанасцю кампазіцыі, вытанчаным каларыстычным рашэннем.
Разглядаючы акварэлі Генадзя Шутава, узнікае адчуванне, што ў творцы свае адносіны з часам і рэчамі. Быццам пры іх дапамозе ён імкнецца гэты час асэнсаваць, перадаць і тым самым зберагчы дарагія сэрцу ўспаміны. Нават драбнюткія дэталі прадметаў для яго маюць значэнне. Гэта пацвярджаў і сам аўтар: «Мне интересны люди и предметы, прожившие большую человеческую и “предметную” жизнь, символы и метафоры прошлого, “большое успокоение вещей, которым некуда спешить”».