
У Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы «Гісторыя старажытных праваслаўных храмаў Полацка (па матэрыялах археалагічных даследаванняў)».
У экспазіцыі прадстаўлены артэфакты, знойдзеныя пры археалагічных раскопках у Полацку ў розныя гады. Гэта найбольш каштоўныя прадметы з калекцыі археалогіі музея-запаведніка, звязаныя з гісторыяй і архітэктурай старажытных полацкіх храмаў.
Калекцыя плінфы з растворам-цэмянкай, фрагменты тынкоўкі з фрэскавым роспісам, аплаўлены свінец, дэталі царкоўнага начыння і многія іншыя знаходкі сведчаць пра майстэрства полацкіх дойлідаў, а таксама паказваюць адметныя рысы мясцовай традыцыі храмавага будаўніцтва.
Адкрыццё выставы наведалі епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій і старшыня Полацкага раённага выканаўчага камітэта Васіль Мікалаевіч Шылаў. Ганаровыя госці высока адзначылі значэнне прадстаўленых экспанатаў і павіншавалі ўсіх прысутных з важным святам — 900-годдзем Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра.
Выстава будзе працаваць да 7 ліпеня 2025 года.