Партрэт Іаана Кранштацкага

Вядомы выпадкі, калі некаторыя творы мастацтва былі знойдзеныя зусім выпадкова і ў самых нечаканых месцах: на «блышыных» рынках, у падвалах, на гарышчах. У экспазіцыі Мастацкай галерэі прадстаўлены партрэт святара Рускай Праваслаўнай царквы Іаана Кранштацкага, які прайшоў доўгую рэстаўрацыю, і які мае сваю незвычайную гісторыю выяўлення. Партрэт, выпадкова знойдзены ў 1999 годзе на гарышчы прыватнага дома ў г. Полацку ў моцна забруджаных выглядзе, быў памыты уладальнікамі ў пральнай машыне, таму мае цяпер моцныя пацёртасці і страты фарбавага слоя.

Іван Сергіеў (1829-1909 гг.), больш вядомы як Іаан Кранштацкі - святар Рускай Праваслаўнай царквы, мітрафорны протаіерэй. Больш за 50 гадоў ён пражыў у горадзе Кранштадце, прыгарадзе Санкт-Пецярбурга, дзе служыў протаіерэем, а пасля настаяцелем сабора Андрэя Першазванага. Вядома, што ў 1906 г., незадоўга да сваёй смерці, Іаан Кранштацкі наведваў г. Віцебск. Вядомасць Іаан Кранштацкі набыў дзякуючы сваім эмацыйным і змястоўным пропаведзям, шырокай грамадскай і дабрачыннай дзейнасці. Народ прызнаваў святара Божым выбраннікам, цудатворцам яшчэ пры жыцці.

На сённяшні дзень вядома каля 30 жывапісных і графічных малюнкаў Іаана Кранштацкага, выкананых з натуры альбо па фотаздымках. Большасць прыжыццёвых малюнкаў святара адносяцца да 1890-1908 гг. - з пачатку шырокага яго шанавання і да самай смерці.

На пагрудным партрэце авальнай формы, прадстаўленым у Мастацкай галерэі, Іаан Кранштацкі намаляваны ў анфас да гледачоў. Выраз яго твару спакойны, адкрыты, дабрадушны. Высокі лоб, шэра-блакітныя вочы, тонкі, злёгку падоўжаны нос, прыадчыненыя вусны, доўгія русыя валасы, вусы і барада - такім мы бачым святара на партрэце. Рысы яго твару прадстаўляюць нам чалавека досыць прыгожага, сталага, мудрага. Апрануты ён у сінюю расу, грудзі святара ўпрыгожваюць крыжы і дзяржаўныя ўзнагароды.

Па акадэмічнай манеры выканання і датам жыцця Іаана Кранштацкага партрэт датавалі канцом XIX ст. У выніку навуковага даследавання па вывучэнні дадзенага партрэта, праведзенага вядучым навуковым супрацоўнікам філіяла Мастацкай галерэі НПГКМЗ Ягоранка В.Д., і больш дбайнага вывучэння дзяржаўных і царкоўных узнагарод Іаана Кранштацкага, атрымалася звузіць часовыя рамкі напісання партрэта: 1894-1896 гг.

Бронзавым крыжом на георгіеўскай стужцы, які мы бачым крайнім справа, святар быў узнагароджаны ў 1856 г. у памяць аб Крымскай вайне 1853-1856 гг. Такім крыжам і медалём ў згаданым годзе масава ўзнагароджвалі і простых святароў, і мітрапалітаў.

У 1870 г. ад Святога сінода «за шчырую службу і дбайнае выкананне абавязкаў» Іаан Кранштацкі атрымаў залаты крыж, які намаляваны на партрэце крайнім злева.

На шырокай чырвонай стужцы - знак ордэна Святой Ганны 2-й ступені (так званая «Ганна на шыі»). Гэты ордэн святар атрымаў ў 1883 г.

На шырокай георгіеўскай стужцы мы бачым знак ордэна Святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра 3-й ступені. Гэтым ганаровым ордэнам Іаан Кранштацкі быў узнагароджаны ў 1891 г., ва ўзросце 62 гадоў.

Вялікі залаты крыж з багатымі ўпрыгожваннямі ў цэнтры святар атрымаў у 1894 г. ад імператара Мікалая II, як удзельнік здзяйснення набажэнства з нагоды шлюбу імператара і імператрыцы.

Пасля Іаан Кранштацкі атрымаў і іншыя каштоўныя дзяржаўныя ўзнагароды. У сувязі з каранацыяй Мікалая II у 1896 г. святар атрымаў ордэн с. Ганны 1-й ступені, і на больш позніх фотаздымках мы бачым гэты ордэн і зорку ордэна на грудзях святара. З гэтай узнагародай Іаана Кранштацкага і пісалі мастакі з 1896 г., а таксама фатаграфавалі.

Такім чынам, спасылаючыся на матэрыялы навуковай працы Ягоранка В.Д., можна выказаць здагадку, што партрэт Іаана Кранштацкага ў экспазіцыі Мастацкай галерэі быў напісаны пакуль не вядомым нам расійскім мастаком у перыяд з 1894 года па 1896 г. Такім чынам, святару на партрэце каля 65 гадоў. Мастак намаляваў яго на палатне некалькі маладзей сваіх гадоў. Варта заўважыць, што, паводле ўспамінаў сучаснікаў, Іаан Кранштацкі таксама выглядаў даволі молада ў 1890-я гг. Акадэмічная манера, у якой мастак працаваў над партрэтам, мяркуе лёгкую ідэалізацыю, што мы і бачым у знешнасці святара.