Віртуальная выстава паштовак «За Перамогу!», прысвечаная Дню Перамогі і Дню вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Дзень Перамогі ў Беларусі — дзяржаўнае свята, устаноўленае Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 157 ад 26 сакавіка 1998 года. Дзеля міру на зямлі аддалі свае жыцці каля 27 мільёнаў савецкіх людзей. У агні Другой сусветнай вайны згарэла тры мільёны беларусаў. У нашай краіне няма ніводнай сям'і, якую б не закранула гэтая праклятая вайна.

Менавіта беларусы аднымі з першых прынялі на сябе ўдар гітлераўскай Германіі пры нападзе на СССР і, як ніхто іншы, адчулі ўвесь цяжар мінулай вайны. Скатаваная, але непакораная Беларусь, дзякуючы мужнасці і самаадданасці ўсяго народа, увайшла ў сусветную гісторыю як «рэспубліка-партызанка».

Пагадненне аб безумоўнай капітуляцыі Германіі было падпісана 7 мая. І мы святкавалі б Дзень Перамогі ў гэты дзень, калі б не бюракратыя. Першае пагадненне з боку СССР падпісаў генерал-маёр Суслапараў, але афіцыйнага дазволу ад Масквы ў яго яшчэ не было. Яшчэ адно ўрачыстае падпісанне такога ж дакумента, але ўжо з дазволам, адбылося ноччу 8 мая. Гэтая дата і стала святочнай у некаторых еўрапейскіх краінах. Але па маскоўскім часе ўжо наступіла 9 мая, таму ў СССР свята прыйшлося на гэты дзень.

У 2 гадзіны ночы 9 мая 1945 года Юрый Левітан зачытаў па радыё Акт аб капітуляцыі Германіі. У гэтую ноч ніхто не спаў, а ўвечары ў Маскве адбыўся нябачаны па размахах салют. Знакаміты Парад Перамогі прайшоў 24 чэрвеня.

У Мінску 9 мая сустрэлі не менш урачыста. У мінскім гарнізоне таксама наладзілі святочны салют. Па дарозе на працу ў разбураным Мінску ўсе абдымалі адно аднаго, плакалі і віншавалі з перамогай. На той момант у горадзе заставалася каля 100 тысяч чалавек — у два разы менш, чым было да вайны.

Пазней амаль на 20 гадоў святкаванне Дня Перамогі спынілася, але ў 1965-м было адноўлена.

Для кожнага пакалення ёсць у мінулых часах нешта мілае і запамінальнае, тое, праз што пазнаецца эпоха. Пакуль не існавала інтэрнэту, усе віншавалі сваіх знаёмых і сяброў паштоўкамі.

Перад святам людзі заходзілі ў «Саюздрук», закуплялі пачак тэматычных паштовак, а потым дома садзіліся за стол і падпісвалі іх. Тэксты былі немудрагелістыя. Пісалі не для інфармацыі, а проста выказвалі павагу да сваякоў і знаёмых. Маўляў, віншуем з Днём Перамогі, зычым усяго найлепшага. Пошта літаральна задыхалася ад колькасці перадсвяточнай карэспандэнцыі, паштальёны збіваліся з ног. Але як прыемна было атрымліваць віншавальныя паштоўкі, згадваць тых, хто не забыўся пра тваё існаванне, не паленаваўся напісаць некалькі радкоў.

Выстава віншавальных паштовак «За Перамогу!», прысвечаная 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, падрыхтавана з паштовак з прыватных збораў палачан і з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.