Выстаўка жывапісу і скульптуры «Адценні часу»


7 сакавіка ў Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка адбылося адкрыццё выстаўкі жывапісу і скульптуры «Адценні часу». На выстаўцы прадстаўлены работы мінскіх і ўздзенскіх мастакоў: Яўгена Шунейкі (г. Мінск), Алеся Філіповіча (г. Узда), Мікалая Мішчанкі (г. Мінск), Леаніда Гоманава (г. Мінск), Андрэя Лычкоўскага (г. Узда), Фёдара Ладуцькі (г. Мінск), Яраслава Філіповіча (г. Мінск), Віктара Барабанцава (г. Мінск). Мастакі вынеслі на суд гледача галоўным чынам краявіды, выкананыя ў розных стылях і тэхніках. На адкрыціі прысутнічалі трое аўтараў: Андрэй Лычкоўскі, Фёдар Ладуцька і Алесь Філіповіч. У ходзе размовы мастакі расказалі пра мэты, якія яны ставяць перад сабой і сваімі творамі, пра крыніцы натхнення, што абавязкова знаходзяцца ў кожным месцы, куды б не давялося прыехаць падчас падарожжаў па краіне. Куратар выстаўкі Андрэй Лычкоўскі расказаў аб дзейнасці у іншых гарадах, дзе ўжо адбыліся выстаўкі: Пінску, Нясвіжы, Салігорску, Навагрудку і іншых. Кожны з наведвальнікаў меў магчымасць пацікавіцца гісторыяй стварэння работ, выказаць свае меркаванні мастакам наконт твораў. Вобраз прыроды ў мастацкім творы заўсёды нясе ў сабе настрой, пачуццё і думкі часу, любоў да родных прастораў, захапленне іх прыгажосцю. У кожнай пары году свае адценні, свая шматфарбнасць і непаўторнасць. Адлюстраваць асаблівасці пэўнага куточка роднай стараны, паказаць гледачу чароўнасць моманту – задачы, якія ставяць перад сабой аўтары ў сваіх работах. Кожны з мастакоў звяртае ўвагу на розныя рысы стану прыроды і па-свойму іх паказвае ў творах: у краявідах Мікалая Мішчанкі чалавек і прырода яднаюцца ў адно цэлае, знешне спакойная прырода атрымоўвае кіпучы характар у работах Фёдара Ладуцькі, раз'юшаная стыхія надыходзячай навальніцы набывае сілу ў творах Леаніда Гоманава, работы Віктара Барабанцава ўвасабляюць сабой імгненні жыцця найпрыгажэйшых мястэчак роднай краіны. Асноўнай задачай мастацтва Алеся Філіповіча з'яўляецца пераасэнсаванне гістарычных фактаў вобразным бачаннем, яго работам ўласцівы вытрыманы каларыт і шматфігурныя кампазіцыі. Андрэй Лычкоўскі асаблівай экспрэсінаўнай манерай, дынамічнай тэхнікай выканання перадае пастаянны рух у спакойных лірычных на першы погляд краявідах, падкрэсліваючы, што рух гэты працякае з такой хуткасцю, што мы яго не заўважаем. Скульптуры Яўгена Філіповіча, самага маладога з удзельнікаў выстаўкі, раскрываюць шматграннасць чалавечай душы: альбо гэта лёгкасць жаночай натуры, летуценнасць, альбо цяжар думак і падзей. Неаддзельнасць мастацтва ад паўсядзённага жыцця паказвае Яўген Шунейка, які працуе ў традыцыйнай тэхніцы «набіванка» - роспіс па тканіне. Выстаўка «Адценні часу» праз мастацкія творы перадае значнасць гістарычнай і культурнай спадчыны для кожнага чалавека. Кожны жадаючы можа наведаць выстаўку да 6 красавіка.

238