"Навігацыя" - Выстава сучаснага мастацкага шкла Беларусі


Калі вясна і крыгаход за вокнамі старажытнага езуіцкага калегіума – а зараз выставачнай залы, – даволі дарэчна выглядае выстава крохкіх шкляных твораў з відам на Заходнюю Дзвіну. Бо, напэўна, ёсць сувязь паміж празрыстасцю шкла і крохкасцю лёду ды імклівасцю плыні. “Камнем, які цячэ” звалі старажытныя егіпцяне шкло. Не адзін раз адбывалася вынаходніцтва гэтага матэрыялу на працягу розных часоў рознымі народамі. Таямніца нараджэння шкла схаваная нават у выключнасці ягонага характару: цвёрдае і ўразлівае, метафарычнае і здатнае параніць. Прэзентаваныя на выставе творы – вынік працы са шклом новага пакалення беларускіх мастакоў, якое імкліва рухаецца ў плынях бягучых інтэрнацыянальных напрамкаў і тэндэнцый, засвойваючы новыя тэхнікі і канцэпцыі, выкарыстоўваючы камунікацыйныя перавагі сучаснасці. У іх творчасці няма ні межаў, ні адлегласцяў – для беларускага шкла “лёд рушыў” (rompre la glace) на зломе стагоддзяў, калі высілкі айчынных творцаў зліліся з сусветным мастацкім працэсам. У апошняе дзесяцігоддзе адбылося шмат падзей з беларускім ўдзелам – замежныя выставы, сімпозіумы, адукацыйныя праграмы. І, урэшце - Першы Міжнародны шкловыдзімальны сімпозіум “Нёманская хваля”, які сабраў мастакоў шкла з пяці краін на легендарным айчынным шклозаводзе “Нёман” для сумеснай працы і творчых стасункаў. Навігацыя паміж сучаснымі ўплывамі, трэндамі, аўтарытэтамі – гэта тое, што выключна важна ў сучаснай сітуацыі, тое, што робіць беларускіх мастакоў адметнымі на міжнароднай арэне. У вялікай ступені нашаму шклу ўласцівы лаканічныя, чыстыя формы і далікатнае разуменне пластыкі. Валоданне традыцыйнымі тэхнікамі гуты, метафарычнасць і вобразнасць твораў. Дакладнасць візуальнага ўвасаблення ідэй. У мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка выстава сучаснага мастацкага шкла адбудзецца ўпершыню. Спадзяемся, што гледачу будзе цікава яе наведаць. 

Больш падрабязна даведацца пра выставу і праглядзець фота з адкрыцця, вы можаце тут.

183