Выстаўка латвійскіх і замежных майстроў фотамастацтва праходзіць у Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.


Выстаўка латвійскіх і замежных майстроў фотамастацтва праходзіць у Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. У экспазіцыі выстаўкі прадстаўлены два праекты пад назвай “Час” і «... дзе Балтыйскае мора і людзі сустракаюцца...»

У 1987 і 2007 гадах адбыліся дзве ўнікальныя фотаакцыі ў гісторыі Латвіі, у выніку якіх праз аб'ектыў фотаапарата ўдалося зафіксаваць «смак» унікальнага і своеасаблівага жыцця кожнага часу, зафіксаваць пачуцці, успрыманне свету, рытм жыцця дзвюх эпох, якія адрозніваюцца адна ад адной.

Акцыя «Адзін дзень у Латвіі» пачалася 28 жніўня 1987 года, калі 70 прафесійных фатографаў з Савецкага Саюза, Фінляндыі і Федэратыўнай Рэспублікі Германіі 24 гадзіны фатаграфавалі тагачасную савецкую Латвію. Яны рабілі фотаздымкі на заводах, у партыйных камітэтах, калгасах, бібліятэках, кафэ, на могілках, у бальніцах, у лазнях, у дамах і на вуліцах. Гэта падзея была і застаецца ўнікальнай не толькі ў жыцці Латвіі, але і ў сусветнай культуры. 31 жніўня 2007 года зноў была арганізавана падобная фотаакцыя «Адзін дзень у Латвіі праз 20 гадоў». У ёй прынялі ўдзел 54 прафесійных фатографы (у тым ліку з 24 замежных краін), 150 спецыяльна запрошаных фатографаў і больш за 6 000 фотааматараў з Латвіі і іншых краін, што дало магчымасць у межах выстаўкі паказаць Латвію вачыма шведскіх, рускіх, японскіх, венгерскіх і іншых прафесіяналаў і аматараў. З фотаздымкаў, зробленых ў працэсе гэтых дзвюх акцый, была сфарміравана выстаўка «Час», якая з дапамогай фотамастацтва здолела паказаць тыя змены, што адбыліся ў грамадстве на працягу 20 гадоў не толькі ў Латвіі, але і ў кантэксце ўсёй Заходняй Еўропы, а таксама прадставіць Латвію як краіну, якая арыентуецца на росквіт і развіццё, не страчваючы сваёй ідэнтычнасці. У цэнтры ўвагі выстаўкі – чалавек і час. Праз дробязі і вялікія справы мы бачым, як змянілася Латвія за 20 гадоў, як наша жыццё ў 1987 і 2007 гадах адрознівалася ад жыцця ў іншых месцах на зямным шары і што аб'ядноўвае нас усіх незалежна ад краіны або кантынента.

На фотаздымках, якія былі зроблены ў 1987 і 2007 гадах, зафіксаваны людзі і месцы іх жыхарства, навакольнае асяроддзе, аднак ніколі загадзя нельга прадбачыць тое, якія змены прынясе час. Напрыклад, на фотаздымку 1987 года Валдзіс Затлерс – адзін з вядучых хірургаў траўматалагічнай і артапедычнай бальніцы – вядзе свайго пацыента ў аперацыйную залу, а на фота 2007 года ён, ужо як Прэзідэнт Латвіі, сустракаецца з прадстаўнікамі ўзброеных сіл краіны. На фотаздымках удалося зафіксаваць не толькі фактычныя змены, але і «смак» эпохі, што з'яўляецца вяршыняй фотамастацтва. Гэты «смак» адчуваецца ў працах не толькі латвійскіх фатографаў, але і іншаземцаў, якія прадставілі свой погляд на сённяшнюю Латвію. «... дзе Балтыйскае мора і людзі сустракаюцца...» Выстаўка, падрыхтаваная ў 2007-2008 гадах у межах праекта «Балтыйскасць» падчас прэзідэндатуры Латвіі ў Савеце дзяржаў Балтыйскага мора, створана для адлюстравання жыцця рэгіёна, у цэнтры якога знаходзяцца яго галоўныя каштоўнасці – Балтыйскае мора, людзі і разнастайнасць іх культур. Рэгіён Балтыйскага мора – гэта дом для 11 нацый і больш за 50 мільёнаў жыхароў. З даўніх часоў Балтыйскае мора садзейнічала цеснай інтэграцыі жыхароў, народаў і краін рэгіёна. Праект «Балтыйскасць» падкрэслівае сімвалічнае значэнне элемента, які аб'ядноўвае рэгіён - Балтыйскае мора.

Мэта выставы – падкрэсліць унікальнасць рэгіёна Балтыйскага мора ў Еўропе і свеце, акцэнтаваць увагу на нашых агульных каштоўнасцях – канкурэнтаздольнасці, творчым пачатку, смеласці, дынамічнасці, адкрытасці, прафесіяналізме, стабільнасці, гонары і павазе да прыроды. Працэс пошуку каштоўнасцяў, якія нас аб’ядноўваюць і адрозніваюць, а таксама робяць унікальнымі сярод іншых рэгіёнаў свету, дае магчымасць паглядзець на Балтыйскае мора, сваіх суседзяў і саміх сябе. Адным з вуглавых камянёў адзінства рэгіёна Балтыйскага мора з’яўляецца культура, у якой аб’ядноўваюцца нашы агульныя каштоўнасці, гістарычныя падзеі і спадчына. Наша культура – гэта каштоўнасць і багацце, якое атрымана ў спадчыну, захавана і не павінна быць страчана. Нашай духоўнай сувяззю з’яўляюцца культура, узаемаразуменне і адзіная гістарычная памяць. На выстаўцы прадстаўлена 40 прац 24 маладых фатографаў з усіх 11 краін Балтыйскага рэгіёна – Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі, Расіі, Швецыі, Нарвегіі, Ісландыі, Даніі, Германіі, Польшчы, Літвы. Аўтары, якія глядзелі на Балтыйскае мора праз аб’ектыў фотакамер, стварылі яго адлюстраванне і выявілі разнастайнасць, у якой можна знайсці пачуццё гумару, творчую душу, павагу да навакольнага асяроддзя, энэргію і ажыццёўленыя мары. Фотаздымкі вельмі разнастайныя і эмацыянальныя, яны адлюстроўваюць паўсядзённы рытм жыцця звычайнага чалавека, а таксама працэсы, якія, можа быць, і не здаюцца яму значнымі. Праект “Балтыйскасць”, арганізаваны Міністэрствам замежных спраў Латвіі, з’яўляецца важкім укладам краіны ў стварэнне адчування адзінства рэгіёна Балтыйскага мора.

154