Выстаўка графікі Заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, Народнага мастака Беларусі, Лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, уладальніка дзесяткаў міжнародных і нацыянальных дыпломаў за кніжнае афармленне, Арлена Міхайлавіча Кашкурэвіча.


У Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка з 5 лістапада праходзіць выстаўка Заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, Народнага мастака Беларусі, Лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, уладальніка дзесяткаў міжнародных і нацыянальных дыпломаў за кніжнае афармленне, Арлена Кашкурэвіча.

Арлен Міхайлавіч Кашкурэвіч – выдатны беларускі графік, прадстаўнік старэйшага пакалення мастакоў, настаўнік і натхняльнік большасці беларускіх графікаў 70-80-ых. Творы яго шырока вядомыя і ў нашай краіне, і за яе межамі. Некалькі пакаленняў чытачоў выхаваныя на кнігах, ім праілюстраваных. Мастацкі стыль гэтага графіка выразны і адметны. Для кожнага твора таленавіты майстра шукае свой падыход. Глядач адразу пазнае руку Арлена Кашкурэвіча па прыгажосці і ўпэўненасці малюнка, па цікавых выразных кампазіцыях, па характэрных вобразах, створаных з выдатных ведаў, назірання за прыродай, паэтычнай фантазіі і, вядома, доўгіх мастакоўскіх пошукаў і разважанняў. Абагульненыя плямы, спрошчаныя формы, выразнасць характэрнага ламанага абрысу, экспрэсіўная манера малюнка, вытанчанасць, высакароднасць нервовай лініі, якая перадае чалавечую душу з глыбінямі яе пачуццяў і перажыванняў – вось тыя рысы, што дазваляюць гаварыць пра яго асабісты почырк.

Выстаўка ў Полацкай мастацкай галерэі прадстаўляе як кніжную, так і станковую графіку Арлена Кашкурэвіча і складзена з найбольш вядомых работ майстра, якія належаць сёння Нацыянальнаму Полацкаму гісторыка-культурнаму запаведніку і Беларускаму саюзу мастакоў.

Шырока прадстаўлена на выстаўке тэматыка Вялікай Айчыннай вайны. Лісты з серыі «Блакада», серыі «Партызаны», трыпціх «Прысвячэнне В.Быкаву», асобныя станковыя творы напоўнены напружанай апавядальнай экспрэсіяй. За кожнай работай – насычаныя драматызмам вобразы, твары і фігуры выяўляюць адчуванне ап'янення бойкай, калі эмоцыі дасягаюць свайго апагею, калі ў чалавеку перамагаюць жорсткасць і бязлітаснасць, глядач перагортвае творы нібы хроніку тых горкіх часоў і дапаўняе свае пачуцці ўражаннямі ад мастацкіх твораў. Кніжная графіка А. Кашкурэвіча прадстаўлена на выстаўке найбольш вядомымі ілюстрацыямі майстра да такіх выданняў, як «Фауст» Ё.В. Гётэ, «Найвышэйшая песня Саламонава», «Дабравесце паводле Лукі», «Буранны паўстанак» Ч.Айтматава. У «Фаўсце» галоўнай задачай мастака было перадаць сённяшнія адчуванні адказнасці чалавека ў яго барацьбе са спакусамі, іх пераадоленне. Ілюстрацыі набліжаны да дня сённяшняга, Фаўст А.Кашкурэвіча – чалавек нашых дзён, інтэлектуал, які ажыццяўляе ідэі самаўдасканалення і ўнутранага адраджэння. Для «Песні песняў» графік абраў тэхніку туш, пяро, тонкія, пругкія, напоўненыя жыццёвай энергіяй лініі якой дапамагаюць адчуць атмасферу тых часоў гісторыі чалавецтва. Кампазіцыі для твора Ч.Айтматава створаны як бы адзіным узмахам. Гравюры выкананы ўпэўненым, смелым штрыхом, яны напоўнены рухам. А.Кашкурэвіч стварыў тут абагульненыя вобразы, якія маюць сімвалічнае гучанне і дапамагаюць найбольш поўна раскрыць змест твора. І для кожнай з сваіх работ майстра знайшоў асаблівы падыход, выкарыстаў найбольш выразны матэрыял, каб раскрыць філасофскае гучанне і сутнасць твораў. Мастацтва А.Кашкурэвіча – гэта мастацтва не адказаў і гатовых рашэнняў, а пытанняў, вялікіх і важных, звернутых да сябе, да нас да ўсіх. Імя Арлена Кашкурэвіча і яго мастацтва ўваходзяць у скарбніцу беларускай культуры, яго неабходна ведаць кожнаму з нас. Пазнаёміцца з творамі мастака ў залах Полацкай мастацкай галерэі магчыма будзе да канца снежня.

365