2010 год аб'яўлены ЮНЭСКА годам І.Ф.Хруцкага (1810-1885)


2010 год аб'яўлены ЮНЭСКА годам І.Ф.Хруцкага (1810-1885). Творамі гэтага мастака ў сваіх калекцыях ганарацца лепшыя музеі свету, у тым ліку Дзяржаўная Траццякоўская галерэя ў Маскве, Дзяржаўны Рускі музей у Санкт-Пецярбургу, Нацыянальны музей у Варшаве, а таксама Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь – у яго зборы калекцыя з 24 твораў Івана Фаміча Хруцкага. Да 200-годдзя славутага беларускага жывапісца ХІХ стагоддзя гэта калекцыя экспануецца ў культурнай сталіцы Беларусі - Полацку, у Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

Гэта партрэты і нацюрморты, датаваныя ад пачатку 1830-х гадоў да 1854 года, па каторых магчыма атрымаць ўяўленне аб творчасці мастака ў розныя перыяды яго жыцця. Хруцкі перш за ўсё вядомы як майстар нацюрморта, нездарма ў гісторыю рускага мастацтва першай паловы 19 стагоддзя ён увайшоў як мастак, які аказаў значны уплыў на развіццё гэтага жанру мастацтва. Яскравыя, дэкаратыўныя з ілюзорнай вытанчанасцю прадметаў кампазіцыі напісаны рупліва і дасканала («Плады і птушка» (1833), «Вінаград і фрукты» (пач.1830-х), «Партрэт невядомай з кошыкам у руках» (каля 1835). Кампазіцыі з ілюзорна выпісанымі кветкамі і пладамі адметны прадуманай раўнавагай частак, гарманічным каларытам. Сістэма адукацыі Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, існаваўшая ў Расіі першай чвэрці 19 ст. грунтавалася на асновах класіцызму. Для «вольноприходящего» навучэнцы гэта было магчымасцю удасканальвання. У 1839 годзе, пасля заканчэння Акадэміі, Хруцкі атрымаў статут Акадэміка «за отличные труды в портретной, пейзажной и особенно по живописи плодов и овощей». Жыццё і творчасць мастака неадрыўна ад Полацка. Першапачатковую мастацкую адукацыю ён атрымаў у Полацкім Піярскім вучылішчы, а ў 1844 годзе, вярнуўшыся з Пецярбурга на радзіму, набыў маёнтак Захарнічы каля Полацка, дзе застаўся жыць са сваёй сям'ёй. У гэты час ён запатрабаваны галоўным чынам як партрэтыст. Хруцкі піша камерныя партрэты, на заказ - партрэты парадныя, адпавядаючыя мэтам рэпрэзентатыўнага вобраза («Партрэт П.Е. Рубцова»(1841), «Партрэт А.М. Рубцовай», «Партрэт І.І. Глазунова (1843). У другой палове 1840-х мастак шмат працуе ў Вільна, выконвае заказы архіепіскапа І.Семашкі па стварэнню іканастасаў, галерэі з 32 партрэтаў дзеячаў аб'яднання Уніяцкай і Праваслаўнай царквы. Ён піша партрэты асоб, якія займалі значнае грамадскае становішча ў Расіі, Беларусі, Літве, у кожным перадае індывідуальнасць, своеасаблівасць і непаўторнасць мадэляў. Тым не менш Хруцкі ніколі не пакідаў ні нацюрморта, ні краявіду, альбо інтэр'еру. Нельга казаць аб змене жанру ў творчасці мастака («Бітая дзічына, гародніна і грыбы» (1854), «Дзяўчынка ў блакітнай сукенцы» (сяр. 1840-х), «У пакоях сядзібы мастака. Дзеці перад мальбертам» (1854-1855). Больш за 40 год І.Ф. Фруцкі пражыў у Захарнічах, і пахаваны там на сямейных могілках, побач з ім – яго брат, мастак Андрэй Фаміч Хруцкі і праўнучка мастака Ядзвіга Аляксандраўна Мацееўская (1916-1997), якая працягвала творчую дынастыю Хруцкіх. Ядзвіга Аляксандраўна жыла ў Кіеве, шмат вандравала па розных кутках Савецкага Саюза, пісала лірычныя, пранікнёныя краявіды, напоўненыя радасным настроем, сонечным святлом і прасторай – у іх увасоблены дух часу. На пачатку 1990-х Мацееўская некалькі разоў прыязджала ў Полацк, з дапамогай мясцовых краязнаўцаў адшукала магілу прадзеда, склала «родословное древо» патомкаў Хруцкага. Згодна духоўнаму запавету мастачкі больш 700 яе работ былі перададзены Нацыянальнаму Полацкаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку. Сярод іх знаходзіўся партрэт А. Міцкевіча - поўная копія таго самага партрэта А. Міцкевіча, напісанага Хруцкім у 1850-я, які ў 1949 годзе быў перададзены Дзяржаўнаму літаратурнаму музею ў Санкт-Пецярбургу Я.А. Мацееўскай. Пэндзлю якога мастака належыць партрэт А. Міцкевіча з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка? На гэтае пытанне яшчэ павінны даць адказ навукоўцы і даследчыкі. Спектральны аналіз фарбаў, праведзены ў Акадэміі Навук, пацвердзіў, што напісаны ён быў менавіта ў 50-я гады 19 стагоддзя. 4-5 верасня 2010 года ў Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку пройдзе Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння славутага беларускага жывапісца ХІХ стагоддзя Івана Фаміча Хруцкага. У Полацк завітаюць лепшыя навукоўцы з Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве, Дзяржаўнага Рускага музея ў Санкт-Пецярбургу, Канстанцінаўскага палаца ў Санкт-Пецярбургу, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь каб абмяняцца сваімі думкамі і вынікамі даследаванняў творчасці мастака, наведаць яго магілу. У гэты час наведвальнікі Мастацкай галерэі будуць мець магчымасць убачыць не толькі выстаўку Хруцкага, а яшчэ і выстаўку яго праўнічкі Я.А.Мацееўскай. А ў сярэдзіне верасня калекцыя твораў І.Ф. Хруцкага са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь працягне вандроўку - з Полацка яна накіруецца ў Літву (г.Вільнюс).

Мельянцава Таццяна, старшы навуковы супрацоўнік Мастацкай галерэі НПІКМЗ.

170