«Беларускія маляванкі» Выстаўка са збору музея-запаведніка «Заслаўе»


У Мастацкай галерэе працуе выстаўка «Беларускія маляванкі» са збору музея-запаведніка «Заслаўе». Дываны маляваныя – цікавая з'ява ў мастацтве. Гэты промысел узнік і развіваўся на аснове традыцыйных узорных тканых дываноў і пакрываў, якімі так багатая беларуская зямля. Дываны малявалі звычайна на саматканым ільняным палатне, пафарбаваным анілінавымі фарбавальнікамі, часцей за ўсё ў чорны колер. Вырабляліся яны адвольнай размалёўкай пэндзлем без папярэдняга нанясення грунту, выкарыстоўвалі таксама і трафарэты. Для роспісу бралі звычайна алейныя, радзей тэмперныя фарбы.

У запаведніку «Заслаўе» захоўваецца ўнікальная калекцыя маляваных дываноў (11 захавалася з 300 створаных) народнай мастачкі са Случчыны (Мінская вобласць) Алены Кіш (1896-1949), якая тварыла ў 1930-1940-я гг. і, дарэчы, імя якой уключана ў Сусветную энцыклапедыю інсітнага мастацтва. Маляваныя дываны Алены Кіш з казачна-экзатычнымі сюжэтамі «Рай», «У райскім садзе», «Ліст да каханага», «Дзева на водах» - адрозніваюцца кампазіцыйным майстэрствам, своеасаблівым бачаннем і ўнікальнай вобразнасцю. У іх ярка выявіўся наіўна-рэалістычны характар творчасці мастачкі. Дываны Алены Кіш выдатна ілюструюць народнае ўяўленне аб райскай ідыліі. На іх на неафарбаваным шэрым натуральным фоне даматканага палатна (такі фон характэрны для ўсіх дываноў Случчыны) мы бачым драпежнікаў з добрымі вачыма, чароўных птушак, якія служаць чалавеку і засцерагаюць яго ад зла. У яе працах, як і ў творах іншых народных мастакоў, зямное лёгка аб'ядноўваецца з касмічным, вядомае з невядомым...

Адным з першых беларускіх мастакоў-прафесіяналаў, які звярнуўся да «маляванкі», быў Язэп Нарцызавіч Драздовіч (1888-1954) - вядомы інтэрпрэтатар народнай творчасці. У фондах запаведніка сабрана больш за 30 дываноў гэтага таленавітага мастака. Ён ствараў свае дываны ў 1920-1930-я гг. і ў 1940-я - пачатку 1950-х гг. у асноўным падчас падарожжаў па Беларусі. Яны і засталіся па вёсках, дзе праходзіў шлях мастака-вандроўніка. Спалучэнне майстэрства і неверагоднай фантазіі Язэпа Драздовіча, стылявых асаблівасцяў мадэрна і шчырай самабытнасці народнай творчасці далі творы, якія, безумоўна, як і ўсю творчасць гэтага мастака, можна лічыць цікавай старонкай беларускай культуры. Асноўныя сюжэты дываноў Драздовіча - гэта архітэктурныя помнікі або прыгожыя пейзажы Беларусі ў абрамленні гірляндаў з кветак, садавіны, лісця і матылькоў. Нават назвы іх гучаць поэтычна- прыгожа: «Месяцовая ноч», «Замак над возерам», «Накцюрн», «Касцёл у Задарожжы». Вядома, што мастацтва плённа развіваецца тады, калі ў ім ёсць патрэба. Маляваныя дываны падабаліся людзям. У сялянскіх хатах з іх своеасаблівым інтэр'ерам, на сценах ля ложкаў "гарэлі" гэтыя тварэнні. Сёння ўжо амаль не засталося тых, хто займаецца стварэннем размаляваных дываноў. Змяніўся час, змяніліся густы. На падлогах і сценах дамоў з'явіліся айчынныя і замежныя фабрычныя дываны. А немудрагелістыя творы мастакоў-самавукаў, створаныя для ўпрыгожвання жылля, праз дзесяцігоддзі сталі сапраўднымі шэдэўрамі народнага мастацтва і гонарам музейных збораў.

Спяшайцеся наведать выстаўку на якой магчыма убачыці ні толькі “маляванкі”, а і кінастужкі пра майстроў які іх стваралі. Чакаем Вас з 10.00 да 17.00 па адрасе: Полацк, вул.Стралецкая 4А-4

1136