"Мастацтва габелену". Выстаўка работ Ларысы Густавай і Людмілы Пуцейка

Вядомыя майстры габелена Ларыса Густава і Людміла Пуцейка належаць да пакалення мастакоў-тэкстыльшчыкаў, выпускнікоў Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, з якім звязана адраджэнне нацыянальных традыцый ткацтва і тэхнікі класічнага габелена ў 1970–1980-х гадах — знакавым перыядзе для нашага мастацтва. Нягледзячы на распаўсюджванне ў мастацтве тэкстылю апошніх дзесяцігоддзяў новых тэхнік, нетрадыцыйных матэрыялаў і вобразных рашэнняў, пакаленне «сямідзясятых» і дагэтуль працягвае захоўваць вядучыя пазіцыі, што сведчыць пра невычэрпныя мастацкія і пластычныя магчымасці гладкага габелена. Адной з улюбёных тэм мастачак з’яўляецца пейзаж з сімвалічнай трактоўкай прыроднага матыву ў адмысловай манеры дэкаратыўнай умоўнасці малюнка, які раствараецца ў тканым асяроддзі. Часта гэтыя матывы, на першы погляд, вельмі звычайныя, але ўпадабаныя мастачкамі натуральныя, прыродныя формы кветак, травы, дрэў, птушак і жывёл пераносяцца ў плоскасць габелена не наўпрост, а ідэалізуюцца, адухаўляюцца, знаходзяць сваё незалежнае пластычнае і дэкаратыўнае выражэнне. Вельмі цікава і нечакана па-сучаснаму выглядае выкарыстанне народнай традыцыі ў дыптыху «Світанак» (2004) Ларысай Густавай, дзе тонкае каларыстычнае і рытмічнае рашэнне кампазіцыі, збудаванай на аснове простых арнаментальных палос, становіцца таленавітай аўтарскай імправізацыяй на тэму хатняй даматканай дарожкі. Ў манументальных працах Ларысы Густавай, і ў самых маленькіх, камерных яе рэчах нязменнымі застаюцца эмацыйная інтанацыя, жыццесцвярджальны аптымізм і лірыка, якія раскрываюць пачуцці і думкі аўтара, яго жаданне ўвесці гледача ў творчы працэс суперажывання.
На выстаўцы прадстаўлены работы апошніх гадоў, якія падцвярджаюць, што класічная эстэтыка прыгожага ніколі не страціць сваёй актуальнасці і што нават у самым маленькім прамавугольніку, вытканым рукамі адоранага і неабыякавага мастака, можа ўвасобіцца ўсё багацце навакольнага свету.

598