Фотавыстаўка “Полацк — Парыж — Полацк”

08.02.2013
03.03.2013


Фотавыстаўка “Полацк — Парыж — Полацк” падрыхтавана Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеем-запаведнікам сумесна з фотажурналістам Ігарам Супранёнкам. У яе аснову ўвайшла выстаўка, прысвечаная 1150-годдзю старажытнай беларускай сталіцы, пад назвай “Полацк старажытны — Полацк сучасны”, якая прайшла з 3 па 9 кастрычніка 2012 года ў штаб-кватэры ЮНЕСКА ў Парыжы. Адкрыццю выстаўкі ў Парыжы папярэднічала ўнясенне 1150-годдзя Полацка ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА. Рашэнне было прынята на 36-й Генеральнай канферэнцыі ў Парыжы. Унясенне юбілею старажытнейшага беларускага горада ў ганаровы спіс — гэта безумоўнае сведчанне значнасці дадзенай падзеі для ўсёй еўрапейскай культуры. Выстаўка праходзіла падчас 190-ай сесіі Выканаўчага савета, і такім чынам, каля двюх соцень дэлегацый з розных краін змаглі ацаніць Полацк і ўбачыць яго прыгажосць на фотаздымках.

Полацк – самы старажытны горад Беларусі. Упершыню ў летапісах ён згадваецца пад 862 годам. Ён быў сталіцай Полацкага княства і найбуйнейшым горадам Еўропы, роўным з Кіевам і Ноўгарадам. Полацк вядомы як калыска беларускай дзяржаўнасці і дэмакратыі (гарадскі сход – веча – быў асабліва актыўным у ХІІ ст.). Знаходзячыся на гандлёвым шляху “з варагаў у грэкі”, незалежны Полацк быў не толькі палітычным, але камерцыйным і культурным цэнтрам, які звязваў паміж сабой Захад, Усход і Арабскі свет.

Цесныя зносіны Полацк меў з Візантыйскім імператарскім домам (дачка полацкага князя Усяслава была жонкай імператара Аляксея Комніна), што давала магчымасць запрашаць прафесійных майстроў. Напрыклад, будаўнікоў, якія ў сярэдзіне ХІ ст. пабудавалі першы каменны храм – Сафійскі сабор, а ў ХІІ ст. – Спаса-Праабражэнскую царкву. Апошняя з’яўляецца ўнікальным помнікам старажытнарускай архітэктуры і жывапісу, у якім захаваліся ўсе фрэскі ХІІ ст.

Полацк быў адным са знакамітых цэнтраў асветы і культуры Еўропы. Ён з’яўляецца радзімай такіх выбітных асоб, як князь Усяслаў (падчас праўлення якога княства было асабліва моцным), як першая ўсходнеславянская святая і вядомая асветніца Еўфрасіння Полацкая, як беларускі першадрукар Францыск Скарына і беларуска-расійскі асветнік, паэт, драматург, філосаф і рэлігійны дзеяч Сімяон Полацкі.
У XVI ст. манахі Ордэна езуітаў адкрылі ў Полацку першую вышэйшую школу. Дарэчы, у ёй вучыўся Іван Хруцкі, чый 200-гадовы юбілей адзначала ў 2010 годзе ЮНЕСКА.

У 1498 годзе Полацк атрымаў Магдэбургскае права на самакіраванне, быў членам Ганзейскага гандлёвага саюза і адным з найбуйнейшых гарадоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. У 1772 годзе Полацк быў уключаны ў склад Расійскай імперыі, у 1917-м – Расійскай Федэрацыі, у 1924-м – БССР. З 1991 года горад з насельніцтвам у 83,6 тысяч чалавек уваходзіць у склад Рэспублікі Беларусь.

Гісторыя старажытнага Полацка напісана на старонках летапісаў, увасобілася ў лёсах людзей, пакінула свой адбітак на помніках архітэктуры і ў экспазіцыях 11 полацкіх музеяў. Колькасць ацалелых помнікаў не такая вялікая, як нам хацелася б, але іх гістарычнае значэнне ўражвае. Сёння яны не толькі вызначаюць вялікую ролю, якую Полацк адыграў у гісторыі, але і надаюць яму асаблівы шарм.
На выстаўцы прадстаўлена 50 работ, у якіх адлюстраваны яркія моманты з жыцця горада і людзей, што жывуць у ім. У экспазіцыю ўключаны фотаздымкі, якія паказваюць адны і тыя ж аб'екты, знятыя з адной і той жа кропкі з розніцай у стагоддзе. Выстаўка ў Полацку дапоўнена серыяй здымкаў з відамі сучаснага Парыжа. На думку Тамары Аляксандраўны Джумантаевай, дырэктара Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, фотавыстаўка адкрывае новыя грані беларускага горада, паказвае яго дынамічнае развіццё.