Выстаўка жывапісу і графікі Кацярыны Сумаравай “Панарама года” з серыі “Суб’ектыўны краявід” адкрылася ў Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

30 верасня 2011 года ў Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка адкрылася выстаўка твораў Кацярыны Сумаравай, мастачкі, аб творчасці якой мастацвазнаўца М.Баразна гаворыць так:
Калі ўпершыню бачыш жывапісныя творы Кацярыны Сумаравай — адчуваеш узрушэнне ад візуальнай моцы і пластычнай выразнасці яркіх палотнаў. Колер — адна з дамінантаў творчага метаду мастачкі, у структуры якога маюцца і іншыя аспекты. Сваю ўвагу яна скіроўвае найперш на тэму мастакоўскага сталення. Выяўленне барацьбы супрацьлегласцей — неабходная якасць творчага працэсу, які ўжо сам ёсць каштоўнасць. Мастачка адыходзіць ад імперыі, імкнецца ўтрымаць краявід як жывы вобраз, надзелены рысамі чалавечых эмоцый. Нам цікава назіраць, як спараджаюцца першыя рэфлексіі і празрыста акрэсліваюцца межы новай праявы ў мастацтве.
Колер — не проста структурны стрыжань творчай манеры аўтаркі, а адбітак яе інтэлектуальнага досведу, вядучае меркаванне маладога жывапісца пра мастацкую прастору і ступені яе ўмоўнасці. Абагулены краявід, памножаны на інтэнсіўны блакіт, мае прасторавую глыбіню. Гэты блакіт прысутнічае ў многіх работах, ён фарсіруе сваю наяўнасць у свядомасці гледача. Выбар іншай колеравай платформы ўзрушае яе, нібы ўварванне на суверэнную тэрыторыю. Каб пазнаёміць гледача з як мага больш шырокай палітрай творчага ўвасаблення краявіду, К. Сумарава поруч з творамі, рэалізаванымі ў рэчышчы генеральнага падыходу, прапануе творы, напоўненыя лірычнай мяккасцю і паветранай вытанчанасцю. Разам творы ўспрымаюцца сучасным канцэптуальным пошукам і жывапісным ансамблем. Іх знітоўвае скіраваная прага гледача да сузірання маляўнічых адлюстраванняў тонкіх станаў прыроды, працятых суб’ектыўным падыходам.
У творах К. Сумаравай мы не бачым выразна акрэсленых праяваў рэчаіснасці. Дынаміка яе ілюзій нечым нагадвае фіксацыю хуткага руху. Мастачка абірае адмысловы спосаб адлюстравання натурнага краявіду. Здаецца, што фарбы ў яе творах пакладзены не пэндзлем, а далонямі. Такім чынам яна нібыта імкнецца надзяліць краявід асабістымі пачуццямі.
Цыкл твораў К. Сумаравай пранізвае тэма вады. Бляск азёрнага люстра скрозь зараснік прыбярэжнага чароту нагадвае момант адкрыцця тэатральнай заслоны. Такія ракурсы ўзбагачаюць спектр успрыманняў прасторы. Прага да такой гульні ў прастору тлумачыцца жаданнем яе пастаянна пашыраць, зазірнуць у іншую рэальнасць. Наш свет не такі, як нам здаецца, ён такі, якім мы яго будуем у сваёй свядомасці. Жывапіс К.Сумаравай якраз звернуты да ўяўнай рэчаіснасці.
Мастацтва, якое раскрывае перад намі ўнутраны свет творцаў, здольнае адарыць нас цікавымі і тонкімі пачуццямі, узбагаціць наш духоўны свет. Такую магчымасць дае нам і жывапіс Кацярыны Сумаравай.

1121