«Пасланне». Юбілейная выстава Алеся Мары

З 25 верасня ў Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка працуе выстава, падрыхтаваная да 80-гадовага юбілею мастака і педагога Аляксея Антонавіча Марачкіна ворчы псеўданім – Алесь Мара).

Экспазіцыя выставы дазваляе прасачыць за працэсам творчага шляху мастака ад студэнцкіх работ да тэматычных карцін, многія з якіх ужо сталі класікай беларускага жывапісу. Пэндзлю Алеся Мары належаць палотны «Палеская мадонна», «Маці Божая ахвяр Чарнобыля», партрэты Рагнеды, Кірылы Тураўскага, Міколы Гусоўскага, Льва Сапегі, Францыска Скарыны, Язэпа Драздовіча, а таксама мноства лірычных кампазіцый: «Квецень лугавая», «Зіма», «Журавіны» і іншыя. Вобразнае мысленне мастака распасціраецца на касмічныя светы, фантазійныя ўспаміны з дзяцінства, уяўленні мастака аб духоўным адраджэнні гісторыі роднай зямлі і адлюстраванне чыста чалавечых перажыванняў, без якіх душа мастака застаецца пустой. Яго думкі на палотнах з назвамі «Кветка Ірына», «Сцяна маўчання», «Перспектывы белага колеру», «Планета «М», «Мелодыя перакуленага неба», «Нябесныя бегі Язэпа Драздовіча», «Пасланне» і мностве іншых.

Ён адклікаецца публіцыстыкай і на палітычныя падзеі, што адбываюцца ў нашай краіне. Але было б несправядліва казаць, што ўсе творы Алеся Мары працятыя толькі сацыяльнымі праблемамі. Мастак зачараваны асаблівай прыгажосцю нашай зямлі. З любоўю напісаны ім краявіды яго малой радзімы, а таксама экзатычных куткоў краін, дзе ён бывае на пленэрах. Ён прайшоў па слядах Язэпа Драздовіча, збіраючы яго ацалелую  спадчыну. Творчасць Язэпа Драздовіча моцна паўплывала на мастака не толькі з пункту гледжання мастацкіх адкрыццяў, але і як на чалавека, грамадзяніна сваёй краіны.

Каб даведацца ўсё больш падрабязна, варта наведаць выставу самім, бо як кажуць: «Лепш адзін раз убачыць, чым сто — пачуць».

Выстава будзе працаваць з 25 верасня па 1 лістапада 2020 г. штодня, акрамя панядзелка, з 10:00 да 17:00.

Чакаем вас у Мастацкай галерэі па адрасе: вул. Стралецкая, 4А-4.

1405