Выстава "Пад знакам Скарыны»

19 верасня ў выставачнай зале музея гісторыі і культуры г. Наваполацка адкрылася выстава студыйных работ наведвальнікаў Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Яна дэманструе непадробную цікавасць жыхароў і гасцей нашага горада, а таксама ўсёй Беларусі да такога дзіўнага віду мастацтва як графіка. Графіка, на першы погляд, гэта вельмі аскетычны від мастацтва, які аперуе толькі белым і чорным колерам. Але пры гэтым з дапамогай іх атрымоўваецца перадаць самыя глыбокія пачуцці і эмоцыі. Таму не выпадкова на выставе прадстаўлены, акрамя біблейскіх сюжэтаў з кніг Ф.Скарыны, кампазіцыі з відамі Полацка, які натхняе не толькі мастакоў, але і ўсіх хто бывае ў нашым горадзе. На выставе прадстаўлены работы мастакоў, жыхароў Полацка і студэнтаў полацкіх навучальных устаноў. Мы ўпэўненыя, што выстава і Гравёрная майстэрня дапамогуць зацікаўленаму чалавеку знайсці тую грань сваёй цікавасці, якая складае аснову яго жыццёва неабходных творчых спазнанняў, дасць неабходныя веды ў галіне практычнага майстэрства і вядома ж выхавае беражлівыя адносіны да мастацкіх каштоўнасцей, да той культуры, якая дапамагае чалавечай свядомасці спасцігнуць квінтэсенцыю свету.