"Пад знакам Скарыны" Прэзентацыя альбома копій з гравюр Ф.Скарыны і відэафільма аб дзейнасці праекта

22 лістапада ў 16.00 у Гравёрной майстэрні Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка адбылася прэзентацыя рукатворнага альбома копій з гравюр Скарыны, выкананых удзельнікамі праекта "Пад знакам Скарыны" і відэафільма аб дзейнасці праекта на працягу года.

Натхненнем да з'яўлення гэтага праекта стала Спадчына, пакінутая Ф. Скарынам нашчадкам, якая хвалюе розумы і сэрца нашых сучаснікаў як пасланне з мінулага. На працягу года кожны наш наведвальнік, датыкаючыся з таямніцамі літаратурных і мастацкіх скарбніц, адкрываў для сябе шыфр да разумення таго, што створана было калісьці і нібы з нябыту зноў праяўляецца праз сюжэты з вечных кніг мудрасці, з бібліі, ілюстраванай Францыскам Скарынам, у дзень сённяшні. За год нашымі наведвальнікамі, мастакамі, жыхарамі горада выраблена 37 копій з гравюр з кніг Скарыны. Над выкананнем гравюр працавалі найбольш актыўна студэнты і выкладчыкі мастацка-графічнага факультэта ВДУ ім. П.М.Машэрава і Полацкага аграрна-эканамічнага каледжу.

Ф.Скарына нарадзіўся ў горадзе, якому цяжка знайсці мясцовасць у Беларусі раўназначную па гістарычнасці. Полацкія землі называюць культурным і гістарычным цэнтрам краіны. За адзін дзень немагчыма нават коратка, у інфарматыўным парадку, пазнаёміцца ​​з культурнымі славутасцямі горада, з яго гістарычнымі і культавымі месцамі. Полацк бярэ свой пачатак, паводле летапісаў, з 862 года і з'яўляўся «варотамі» у цяперашнія беларускія землі. Кожны чалавек, наведаўшы горад, можа знайсці ў ім гістарычны кантэнт пад свой багаж ведаў - ад праўлення князя Рагвалода і росквіту каменнага дойлідства да перыяду станаўлення незалежнай Беларусі. Таму тэма горада Полацка не засталася без ўвагі. Найбольш актыўна гэта тэма зацікавіла студэнтаў Полацкага педагагічнага вучылішча. Імі былі выкананы больш за 17 гравюр з відамі горада. Парой адлюстраваны свецкія і культавыя збудаванні, пра якія сёння захавана памяць толькі ў фотаздымках.

Праект працягваецца і на чарзе тэма прыроднага асяроддзя Беларусі. Студэнты Полацкага ляснога тэхнікума выступілі з прапановай правесці наступны год разам з Гравёрной майстэрней і стварыць «Полацкі гербарый» ў гравюры.

Мы, супрацоўнікі Мастацкай галерэі, упэўнены, што сучаснае мастацтва, гісторыя якога пішацца сёння, патрабуе ад нас філасофскага падыходу да разумення жыцця, патрабуе ведаў, якія адкрыты чалавецтвам. Спадзяемся што мастацтва, як адзіная мова міжнародных чалавечых зносін, дзякуючы якой адкрываюцца чалавечыя душы, якая дазваляе адшукаць у кожным з нас тыя патайныя куткі нашых эмоцый і пачуццяў, і якая дапаможа зразумець адзін аднаго пры маўклівых зносінах з ёй. Менавіта такія маўклівыя зносіны адбываюцца ў майстэрні гравёра.

        Наш праект адкрыты для ўсіх.